У Расеі прызналі, што ў іх эканомікі «скончыліся людзі»
- 13.01.2025, 20:23
Нястача працоўных рук дасягнула небывалых маштабаў.
Расеі для развіцця эканомікі не стае чалавечых рэсурсаў. Пра гэта заявіў «Камсамольскай праўдзе» гендырэктар расейскай дзяржаўнай сацыялагічнай службы УЦВГМ Валерый Фёдараў, паведамляе 13 студзеня The Moscow Times.
«Пачну з факта – скончыліся людзі ў нашай эканоміцы. Нястача працоўных рук», – сказаў сацыёлаг.
Паводле ягоных словаў, у цяперашніх эканамічных умовах прэтэндэнт на працаўладкаванне можа «гандлявацца і ставіць умовы» працадаўцам, і тыя вымушаныя саступаць і абяцаць персаналу бонусы, каб яго ўтрымаць.
Фёдараў канстатаваў, што ў РФ растуць заробкі, але ўзровень жыцця не падвышаецца.
«Атрымліваецца, што ў чалавека грошай больш, працуе ён таксама больш, а дзеля чаго? Жыццё лепшым не становіцца. Кватэру набыць не можа, нават палячыцца часцяком – лекараў стала менш», – прывёў прыклад кіраўнік УЦДГМ.
Ён мяркуе, што расейцы не маюць патрэбы толькі ў ежы.
The Moscow Times піша, што за час поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, якая пачалася ў лютым 2022 года, кадравы голад у РФ «дасягнуў небывалых маштабаў».