BE RU EN

Украіна падтрымала заклік панізіць парог коштаў расейскай нафты

  • 13.01.2025, 20:48

Ярмак прапануе $30.

Санкцыйная група Макфола-Ярмака мяркуе, што Еўрапейскі Звяз і Вялікая сямёрка павінны вызначыць парог коштаў расейскай нафты на ўзроўні $30 за бараль. Пра гэта кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак напісаў у Telegram 13 студзеня.

«Жорсткая price cap і далейшае зніжэнне кошту бараля расейскай нафты – гэта шлях да глабальнай бяспекі. Група Макфола-Ярмака прапануе зафіксаваць кошт $30», – адзначыў Ярмак.

Раней сёння стала вядома, што краіны Балтыі і Паўночнай Еўропы заклікалі знізіць парог коштаў расейскай нафты, каб скараціць «адзіную найважнейшую крыніцу прыбыткаў Расеі».

Паводле словаў Ермака, любыя ідэі новаабранага прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і ягонай каманды ў зніжэнні коштаў нафты можна толькі вітаць.

«Расея ўсё роўна будзе вымушаная экспартаваць нафту, нават калі будзе аддаваць яе сабекоштам. Але з нізкімі коштамі ў Еўропе не будзе вайны», – мяркуе кіраўнік ОП.

Коштавы парог $60 устанавілі яшчэ ў канцы 2022 года. Удзельнікі кааліцыі дамаўляліся рэгулярна пераглядаць абмежаванні адзін раз на месяц, каб яно было на 5% ніжэйшае за сярэднерынкавы кошт расейскай нафты і нафтапрадуктаў, але ні разу гэтага не зрабілі.

За гэты час Расея навучылася абыходзіць абмежаванні, выкарыстоўваючы «ценевы флот» танкераў, часта з невядомымі страхавальнікамі ці ўласнікамі, для пастаўкі нафты на новыя рынкі, перш за ўсё ў Азіі. Дзякуючы гэтаму расейская нафта прадаецца вышэй за вызначаную коштавую мяжу цягам большай часткі года.

У адказ краіны G7 пачалі накладаць санкцыі на танкеры і кампаніі, задзейнічаныя ў гэтых ценевых аперацых. У снежні 2024 года краіны Паўночнай Еўропы таксама дамовіліся ўзмацніць праверкі страхавання расейскіх танкераў, якія праходзяць праз асноўныя еўрапейскія пралівы: Ла-Манш, Эрэсун, Дацкія пралівы.

Апошнія навіны