Найміты з Кубы скардзяцца, што Расея іх падманула
- 13.01.2025, 21:03
Іх прымушаюць прадаўжаць службу ў Мінабароны РФ.
Былыя грамадзяне Кубы, якія падпісалі гадавыя кантракты з расейскім Мінабароны для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, мяркуюць, што Масква іх падманула. Пра гэта ў каментары Politico расказалі некалькі наймітаў, якіх прымушаюць прадаўжаць службу, нягледзячы на заканчэнне кантракта.
У матэрыяле, апублікаваным 13 студзеня, выданне адзначае, што большасць кубінцаў, якія цяпер ваююць супраць Украіны, пагадзіліся падпісаць кантракты, спадзеючыся атрымаць грамадзянства РФ і зарабляць больш грошай. Аднак, атрымаўшы расейскі пашпарт, былыя кубінцы вымушаныя прадаўжаць служыць нават пасля заканчэння кантракта – пры гэтым некаторыя з апытаных наймітаў нават не бачылі сваіх новых дакументаў.
«Цяпер нам кажуць, што, паколькі мы з'яўляемся грамадзянамі Расеі, мы павінны прадаўжаць ваяваць да канца вайны», – сказаў Politico кубінец з імем Хорхе.
Ягоны суайчыннік Дэвід заявіў, што «заключыў дамову з Богам на адзін год, і ён абараніў мяне»: «Але не на два гады і не на тры. Я нікому не зычу прачынацца раніцай перад выбарам паміж самагубствам і гібеллю».
Паводле словаў апытаных наймітаў, нават пасля ранення іх зноў выпраўляюць на фронт. Так, пасля ранення ў правую руку кубінец Пабла атрымаў ад свайго камандзіра паведамленне, што яму проста трэба навучыцца страляць левай рукой.
Суразмоўцы выдання заявілі, што «адзіны спосаб выратавацца – дэзертыраваць або трапіць у палон». Зрэшты, у выпадку затрымання дэзерцір будзе зноў скіраваны на перадавую «на амаль дакладную смерць», а вяртанне на Кубу пагражае турэмным тэрмінам за наёмніцтва.
«Усё, што я магу зрабіць, – гэта чакаць і маліць Бога, каб аднойчы мне дазволілі пакінуць гэтае месца. Як вольнаму чалавеку», – паведаміў кубінец Мануэль.