Каліновец Аляксандр Клачко атрымаў статус уцекача ў Літве
- 13.01.2025, 21:04
Пытанне беларускага добраахвотніка разглядалася ў Дэпартаменце міграцыі амаль год.
Пра тое, што ягоная доўгая эпапея з атрыманнем статусу бежанца скончылася, паведаміў у тэлеграм-канале сам Аляксандр Клачко «Кусь».
«Нібыта GPS-бранзалет з нагі зняў, які абмяжоўваў маю свабоду перамяшчэння за межы Літвы і пэўныя магчымасці ў Літве», – апісаў свае адчуванні Аляксандр Клачко.
У Дэпартаменце міграцыі яму паведамілі пра станоўчую пастанову датычна ягонага пытання і прапанавалі праз два тыдні запісацца на атрыманне адпаведнай пластыкавай карткі разам з беларускім пашпартам.
Пытанне Аляксандра Клачко разглядалася ў Дэпартаменце міграцыі амаль год.
«Сёння з чыстым сэрцам, на літоўскай мове, павіншаваў асобных грамадзянаў Літвы з Днём абаронцаў свабоды Літоўскай Рэспублікі.
Ведаю, што з тымі з літоўцаў, хто шануе дату 13.01.1991, мае інтарэсы супадаюць як мінімум у адным агульным у нас з імі і з Украінай кірунку», – пракаментаваў тое, што адбылося, Клачко.
За месяц да гэтага, 8 снежня летась, Аляксандр Клачко зладзіў пікет пад вокнамі будынка Дэпартамента міграцыі ў Вільні. У руках каліновец трымаў плакат са сцягамі і надпісам, якім зважаў, што ён вораг беларускага і расейскага рэжымаў, але не ведае, хто ён для Літвы, і 11 месяцаў чакае адказ на гэтае пытанне. Гэтай акцыяй ён прасіў літоўскія ўлады паскорыць разгляд ягонай справы і прыняць нарэшце станоўчую або адмоўную пастанову, вызваліўшы яго ад падвешанага стану.