Швэцыя знайшла сляды пашкоджання на яшчэ адным кабелі ў Балтыйскім моры
- 14.01.2025, 16:12
Кабель злучае скандынаўскую краіну з Літвой.
У Балтыйскім моры працягваюць знаходзіць пашкоджаную інфраструктуру еўрапейскіх краін. На гэты раз сляды валачэння якара былі знойдзеныя на кабелі NordBalt, які злучае Швэцыю краіну з Літвой, паведаміў міністр у справах грамадзянскай абароны каралеўства Карл-Оскар Болін, цытуе SVT. Паводле яго інфармацыі, да таго, што адбылося, мае дачыненне кітайскае судна Yi Peng, якое знаходзілася на якарнай стаянцы за 160 км ад берага. Гэты ж сухагруз звязваюць з абрывамі падводных тэлекамунікацыйных кабеляў паміж Літвой і Швэцыяй (BCS East-West Interlink), а таксама паміж Фінляндыяй і Нямеччынай (C-Lion1) 17 і 18 лістапада.
Болін не стаў адказваць на пытанне, ці спрабавала судна наўмысна пашкодзіць кабелі. «Мы можам сказаць толькі, што калі вы цягнеце за сабой якар цягам 150 кіламетраў, як гэта адбылося ў гэтым выпадку, то вы павінны, прынамсі, заўважыць гэта», — зазначыў швэдскі міністр. Ён таксама звязаў гэтыя падзеі з тым, што тры балтыйскія краіны неўзабаве перастануць залежаць ад расейскай і беларускай электраэнэргіі.
Yi Peng 3 - гэта сухагруз даўжынёй 217 м, уладальнікам якога з'яўляецца кампанія Ningbo Yipeng Shipping, вынікае з кітайскага суднавага рэестра. Паводле звестак службы Marinetraffic, крыху больш за два месяцы таму судна пакінула Міжземнае мора і накіравалася ў Расею праз Балтыку. Затым Yi Peng 3 спыніўся ў порце Усць-Луга Ленінградскай вобласці, адкуль 11 лістапада адправіўся ў зваротны шлях на паўднёвы захад. Падчас абрыву кабеляў ён знаходзіўся ў раёне інцыдэнту. Пашкоджаныя тэлекамунікацыі перасякаюцца на адцінку 10 м ². Паводле звестак марскіх аператараў, недалёка ад гэтага квадрата былі і іншыя судны, аднак Yi Peng 3 прыцягнуў увагу дацкіх вайскоўцаў праз дзівацтвы ў маршруце руху. Калі яны спынілі сухагруз, высветлілася, што яго капітанам з'яўляецца грамадзянін Расеі Аляксандр Сцечанцаў. У размове з «Агентством» той заявіў, што быў на судне лоцманам, выводзіў яго з порта Усць-Луга, але сышоў праз паўтары гадзіны плавання і не разумее, «як яго запісалі ў кітайскі экіпаж». Дачыненне карабля да дыверсіі расследуе Швэцыя. Ёй дапамагаюць Фінляндыя, Літва, Нямеччына і іншыя краіны.
За апошнія 15 месяцаў у Балтыйскім моры было зафіксавана некалькі выпадкаў меркаванага сабатажу падводных кабеляў. Апошні адбыўся 25 снежня - тады выйшаў з ладу электракабель EstLink 2, які злучае Фінляндыю з Эстоніяй, і яшчэ тры тэлекамунікацыйныя кабелі паміж гэтымі ж краінамі.