У Лідскім раёне дзядуля выпадкова застрэліў са стрэльбы малалетняга ўнука
- 14.01.2025, 16:13
З пачатку года ў Беларусі ад вонкавых прычын загінулі дзесяць дзяцей.
З пачатку 2025 года ў Беларусі ад вонкавых прычын загінулі дзесяць дзяцей, расказалі ў Генпракуратуры і прывялі падрабязнасці трагедый.
- У Лідскім раёне пры неасцярожным абыходжанні з паляўнічай стрэльбай дзед зрабіў стрэл у малалетняга ўнука. Дзіця ад ранення памерла. У Магілёве малы 2023 года нараджэння застаўся без нагляду дарослых, якія знаходзіліся ў іншым пакоі. У выніку ён выпаў з акна пятага паверха і ад атрыманых траўм памёр. У Менску 16-гадовы падлетак на тэрыторыі пустога будынка завода ў выніку маніпуляцый з праводкай у трансфарматарнай скрыні атрымаў смяротны ўдар токам, — расказала начальніца управы па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Вікторыя Фіневіч.
Яшчэ тры дзіцяці загінулі ў выніку ДТЗ. Адно з іх было пасажырам, двое - пешаходамі.