BE RU EN

«Узровень радыяцыі перавышаў норму ў разы»

  • 14.01.2025, 17:03

Беларуска, якая пацярпела ад аварыі на ЧАЭС, хвалюецца за сітуацыю з БелАЭС.

Ізноў з'явілася інфармацыя аб непаладках на Беларускай атамнай электрастанцыі. Чытачка сайта Charter97.org мяркуе, што беларусам варта ўзгадаць пра трагедыю на ЧАЭС:

- Калісьці мая сям'я жыла ў Гомелі. Мелі мы на той час аднапакаёўку ад завода на апошнім паверсе шматпавярховіка. Але былі задаволеныя, што не цягаемся па чужых кутах, а жывём стала ў кватэры. Набылі дачу, здавалася, усё жыццё наперадзе. Пасля выбуху на Чарнобыльскай АЭС мы выйшлі на парад 1 траўня. Было цёпла і сонечна. І ніхто нават і ўявіць не мог, якая здарылася трагедыя.

Пасля патроху пачала з'яўляцца інфармацыя аб падвышаным узроўні радыяцыі. І мы знайшлі дазіметр і вымералі той узровень на нашым апошнім паверсе шматпавярховіка. Ён быў вышэйшы за норму ў разы. Мы кінулі ўсё і з'ехалі жыць да бацькоў на вёску.

Там давялося пражыць без усіх выгод больш за 10 гадоў. Але сёння, аглядаючыся, я зусім не шкадую аб нашым выбары. Бо нашы суседзі, якія засталіся, усёй сям'ёй сёння п'юць гармоны для шчытападобнай залозы, а бацька сямейства змагаецца з цырозам печані.

Колькі ж жыццяў забрала тая катастрофа! А потым у пацярпелых ад трагедыі забралі льготы. Шэсці на гадавіну катастрофы забараняліся, каб моладзь не ведала, не памятала і не адчувала небяспекі.

І вось сёння зноў непаладкі на станцыі, зноў адсутнасць інфармацыі і жорсткая дыктатура. А меркаванне народа нікога не цікавіць, бо ва ўладзе Беларусі знаходзіцца манкурт, які ўсімі магчымымі спосабамі знішчае беларускае грамадства.

Апошнія навіны