BE RU EN

Расейскі чыноўнік паскардзіўся на пах трунаў загінулых удзельнікаў вайны

  • 14.01.2025, 17:35

Здарыўся скандал.

Кіраўнік Цімашэўскага раёна Краснадарскага краю РФ Андрэй Палій падчас адной з нарад у мясцовай адміністрацыі выказаў незадаволенасць тым, што яму даводзіцца кантактаваць са сваякамі загінулых удзельнікаў уварвання ва Украіну. «Вы думаеце мне лёгка хадзіць па ўсіх і адчуваць пах з труны?», - паскардзіўся ён. Палій дадаў, што не мае намеру «кланяцца ў ногі маці» і «несці ўсякую лухту», піша The Moscow Times.

Чыноўнік адзначыў, што не ўважае за свой абавязак наведваць сем'і загінулых вайскоўцаў. З яго слоў, перадача медалёў і ордэнаў, якія прыходзяць на пошту, а таксама стасункі са сваякамі забітых ва Украіне салдат і афіцэраў павінны ўваходзіць у абавязкі вайсковых камісарыятаў. Аднак, як адзначыў сам Палій, ён выконвае гэтыя дзеянні «па-чалавечы», каб «пазбегнуць унутраных хваляванняў».

Гэта не першы выпадак рэзкіх выказванняў Андрэя Палія на адрас сем'яў удзельнікаў вайны з Украінай. У снежні 2024 года ў інтэрнэце з'явіўся аўдыёзапіс, на якім ён абражае Кацярыну Сандзецкую - актывістку і маці загінулага «героя СВА». У запісе чыноўнік называе Сандзецкую «тупарылай жывёлінай» і абвінавачвае яе ў «паралізацыі працы адміністрацыі».

Сам Палій адмаўляе абвінавачанні ў абразе сем'яў загінулых. У сваім тэлеграм-канале ён назваў распаўсюджванне такіх матэрыялаў «працай на ворага» і «спробай пасварыць нас знутры».

Апошнія навіны