BE RU EN

Міністр абароны Нямеччыны: Абмяркоўваем з партнёрамі ўзмацненне падтрымкі Кіева

  • 14.01.2025, 20:12

Кіеву трэба даць усё, што патрэбна для самаабароны.

Нямеччына абмяркоўвае з партнёрамі з "групы пяці", у якую ўваходзяць таксама Польшча, Францыя, Італія і Вялікабрытанія, як узмацніць вайсковую падтрымку Украіны пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў ЗША. Пра гэта паведаміў на супольнай прэс-канферэнцыі з украінскім кіраўніцтвам у Кіеве ў аўторак, 14 студзеня, міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыюс.

«Стварэнне «групы пяці» было ініцыяванае мной летась у лістападзе, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Я запрасіў маіх калег у Бэрлін напярэдадні Калядаў, - сказаў Пісторыюс, адказваючы на пытанне карэспандэнта DW. - Мы правялі тамака першую сустрэчу, абмяркоўваючы, якія высновы мы павінны зрабіць з вынікаў выбараў у Вашынгтоне. Найперш - што гэта азначае для найбуйнейшых краін Еўропы ў дачыненні да будучых выдаткаў на абарону для забеспячэння еўрапейскай бяспекі. І другое пытанне, якое абмяркоўвалася: як мы можам узмацніць нашу падтрымку Украіны з улікам магчымасцяў нашых супольнікаў, з улікам сітуацыі пасля вайны, каб у Украіны былі моцныя ўзброеныя сілы, здольныя абараніць яе».

«На гэтым шляху мы абмяркоўваем і прымаем першыя пастановы, гэтая праца працягваецца напярэдадні наступнай сустрэчы (міністраў абароны «групы пяці» - Рэд.) у Парыжы», працягнуў Барыс Пісторыюс. Сярод асноўных кірункаў, якія абмяркоўваліся, ён назваў пашырэнне магчымасцяў супольных абаронных прадпрыемстваў ва Украіне, павышэнне ўзроўню супрацоўніцтва еўрапейскіх краін з Украінай і запазычанне адзін у аднаго найлепшых практык. Мэта - «вызначыць, што рабіць далей, каб даць Украіне тую дапамогу, якая ёй патрэбная», указаў міністр абароны ФРГ.

Апошнія навіны