Зяленскі прыбыў з візітам у Польшчу
- 15.01.2025, 12:41
Запланаваныя сустрэчы з прэм'ер-міністрам Дональдам Тускам і прэзідэнтам Анджэем Дудам.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прыбыў з працоўным візітам у Польшчу. У яго запланаваны шэраг сустрэч.
Аб гэтым паведаміў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Украіны Сяргей Нікіфараў, перадае РБК-Украіна.
Паводле ягоных слоў, неўзабаве пачнецца сустрэча Зяленскага з прэм'ерам Польшчы Дональдам Тускам, а потым з польскім прэзідэнтам Анджэем Дудам.
Таксама будзе сустрэча прэзідэнта Украіны з украінскай грамадой і іншыя мерапрыемствы.
Пазней аб візіце кіраўніка дзяржавы ў Польшчу паведаміў і кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак.
“Вайна, зброя, санкцыі, гісторыя, паслабленне расейскай энэргетыкі як інструмента фінансавання вайны. Слабы Пуцін і моцная Еўропа патрэбныя ўсім”, - дадаў Ярмак.
Напярэдадні офіс польскага прэм'ера паведаміў, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сераду адправіцца з візітам у Варшаву, дзе сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
"Урадавы інфармацыйны цэнтр паведамляе, што 15 студзеня прэм'ер-міністр Дональд Туск сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім", - гаварылася ў паведамленні.
Пасля гэтага, як чакаецца, пасля абеду адбудзецца супольная прэс-канферэнцыя Зяленскага і Туска.