BE RU EN

Бэрлін перадасць Украіне ракеты для сістэмы СПА Iris-T SLM

  • 15.01.2025, 14:00

Нямеччына падрыхтавала пакет вайсковай дапамогі для Украіны на 3 млрд еўраў.

Нямеччына неўзабаве перадасць Украіне яшчэ 60 ракет для сістэмы супрацьпаветранай абароны Iris-T SLM, паведамляе DW. Ракеты агульным коштам амаль 60 млн еўраў паступяць з запасаў бундэсвера. Гэта пастаўка - вынік дамоўленасцяў, дасягнутых міністрам абароны ФРГ Барысам Пісторыюсам (Boris Pistorius) падчас ягонага візіту ў Кіеў.

Пісторыюс расказаў, што ўрад Нямеччыны падрыхтаваў пакет вайсковай дапамогі для Украіны на 3 млрд еўраў, аднак усярэдзіне кабміна працягваюцца перамовы па вылучэнні неабходнага фінансавання. Прычына ў тым, што пасля распаду ў ФРГ урадавай кааліцыі бюджэт на 2025 год канчаткова не зацверджаны.

«Гэта фіскальная праблема, і мы мусім яе развязаць. Мы працуем над гэтым», - сказаў нямецкі міністр абароны.

Ён таксама запэўніў кіраўніцтва Украіны, што незалежна ад таго, які ўрад узначаліць краіну пасля выбараў 23 лютага, Бэрлін працягне «надзейна, непахісна, аддана і энэргічна» падтрымліваць Кіеў.

Нямеччына абмяркоўвае з партнёрамі ўзмацненне вайсковай падтрымкі Украіны

Цяпер ФРГ перадае Украіне ўзбраенні з апошняга пакета вайсковай дапамогі, зацверджанага ў 2024 годзе. У яго ўваходзяць, у тым ліку, танкі Leopard 1A5, баявыя машыны пяхоты Marder і бронетранспарцёры. Партнёры Украіны скупляюць танкі Leopard 1 ва ўсім свеце, пасля чаго яны рамантуюцца і перадаюцца на ўзбраенне УСУ, распавёў Пісторыюс у Кіеве 14 студзеня.

Акрамя таго, адказваючы на пытанне карэспандэнта DW на супольнай прэс-канферэнцыі з Зяленскім у Кіеве, Пісторыюс паведаміў, што кіраўніцтва Нямеччыны абмяркоўвае з Польшчай, Францыяй, Італіяй і Вялікабрытаніяй узмацненне вайсковай падтрымкі Украіны пасля змены ўлады ў ЗША. Плануецца пашыраць магчымасці супольных абаронных прадпрыемстваў ва Украіне, падвышаць узровень супрацоўніцтва еўрапейскіх краін з Кіевам і запазычаць адна ў адной найлепшыя практыкі.

Візіт міністра абароны ФРГ ва Украіну

Барыс Пісторыюс прыбыў у Кіеў раніцай 14 студзеня для перамоў з кіраўніцтвам Украіны аб далейшай вайсковай падтрымцы ў адбіцці расейскай агрэсіі. «Для мяне важна паказаць гэтай паездкай, што мы працягваем актыўна падтрымліваць Украіну. Гэта сігнал аб тым, што Нямеччына як найбуйнейшая краіна NАТО ў Еўропе стаіць на баку Украіны. Не адна, а разам з пяцёркай краін і многімі іншымі супольнікамі», - заявіў ён у інтэрв'ю агенцтву dpa.

Апошнія навіны