«Літоўскі сцяг будзе там»: Літва дапусціла адпраўку сваіх войскаў ва Украіну
- 15.01.2025, 14:19
Пытанне будзе абмеркаванае з супольнікамі.
Калі Украіна папросіць заходнія краіны, сярод іншага Літву, увесці войскі, Вільня разгледзіць гэты зварот. Пытанне будзе абмеркаванае з супольнікамі
Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс, піша LRT.
Паводле ягоных слоў, у такім выпадку Літва абмеркавала б з супольнікамі, партнёрамі і Украінай тое, як гэта будзе выглядаць.
"Нагадаю, што пасля Парыжскага саміту, калі прэзідэнт Макрон запрасіў прэзідэнта Літвы, сярод іншага, абмеркаваць ініцыятыву аб пашырэнні вайсковага ўдзелу ва Украіне ў розных формах, Літва не выключыла б такой магчымасці", - заявіў ён.
Ён нагадаў, што раней Літва была пастаўшчыком бяспекі ў рэгіёне, робячы свой уклад не толькі дыпламатычным шляхам, але і іншымі сродкамі.
“Гэтак жа мы павінны зараз казаць пра тое, як гэта будзе выглядаць, зыходзячы з вельмі дакладнай і канкрэтнай пазіцыі, якая таксама перадаецца новай адміністрацыі ЗША, што Літва з'яўляецца пастаўшчыком бяспекі ў рэгіёне, а не толькі рэцыпіентам. Калі паўстане пытанне, я не сумняваюся, што літоўскі сцяг будзе там”, - сказаў ён.