«Добрая вада ёсць толькі ў Драздах?»
- 15.01.2025, 14:28
Мянчанка пракаментавала якасць вады ў сталіцы.
У рэдакцыю сайта Charter97.org напісала жыхарка менскай Серабранкі. Яна пракаментавала стан пітной вады ў сталіцы:
- Я заўсёды ў плюс нашага мікрараёна запісвала якасць вады. Так, мы п’ём ваду з артэзіянскай свідравіны. Мы яе праганяем праз збан-фільтр і выкарыстоўваем для кавы-гарбаты ды прыгатавання страў. Піць сырую бяром толькі з бутэлек, піша нашая чытачка.
І калі мянялі кватэру на большую, то разглядалі зноў жа Серабранку. Маю шмат сяброў з розных мясцін Менска. Дык вось, напрыклад, ваду ў Брылевічах або Малінаўцы спажываць немагчыма. Ні смаку гарбаты, ні кавы не адчуваецца. Калі пачынаеш яе піць, то адчуванне, што ты насёрбаўся вады з басэйна.
І тут вось такое адкрыццё: чытаю ў навінах пра якасць артэзіянскай вады ў Новай Баравой. Высвятляецца, што яна наогул непрыдатная да піцця, бо не ачышчаная ад дадатковых дамешкаў.
Дык што ж гэта выходзіць? Добрая вада ёсць толькі ў Драздах? А жыхароў Беларусі мардуюць не толькі ў турмах, а нават дома, у сваіх кватэрах?
Беларусы абкладзеныя з усіх бакоў. Тут табе і тандэтныя расейскія харчы, якія замянілі еўрапейскія, і ў якіх штодня знаходзяць небяспечныя для жыцця кампаненты. Аўтамабілі – старыя бляшанкі, што забруджваюць паветра. Лекі, пераважна беларускія – адна крэйда. І вось вам яшчэ, каб галавы не паднялі – абы-якая вада.