Гарадзенскі суд вызваліў беларуса ад аліментаў
- 15.01.2025, 16:42
Але пазней пастанову скасавалі.
У Гародні пракурор падаў апеляцыю на пастанову суда, які да гэтага вызваліў 53-гадовага мужчыну ад выплаты аліментаў на ўтрыманне яго непаўналетняга сына.
Першапачаткова на карысць мужчыны згуляла тое, што раней ён быў прызнаны недзеяздольным і змешчаны сястрой у сацыяльны пансіянат на платнае сталае пражыванне. Аднак яго пенсіі не ставала для аплаты паслуг пансіяната, у тым ліку праз утрыманне аліментаў у суме 25% ад даходаў.
Аліменты ідуць на ўтрыманне непаўналетняга сына з інваліднасцю - хлопчык мае патрэбу ў сталым лячэнні. Яго выхаваннем займаецца толькі маці.
Пракурор падкрэсліў, што ў мужчыны ёсць дарослая працаздольная дачка, якая паводле закона абавязаная дапамагаць бацьку матэрыяльна. Акрамя таго, ён указаў на адсутнасць выключных абставін, якія маглі б вызваліць мужчыну ад аліментаў.
На апеляцыйным пасяджэнні прадстаўнік пансіяната (апякун мужчыны) пагадзіўся з довадамі пракурора і адмовіўся ад пазоўных патрабаванняў. Судовая калегія па грамадзянскіх справах Гарадзенскага абласнога суда скасавала пастанову суда першай інстанцыі.