Арменія прыстрашыла заблакаваць праграму расейскага прапагандыста Кісялёва
- 15.01.2025, 18:16
Раней МЗС краіны выклікала расейскага пасла.
Трансляцыя расейскай праграмы «Вести недели» можа быць заблакаваная на тэрыторыі Арменіі, заявіў міністр высокатэхналагічнай прамысловасці рэспублікі Мхітар Айрапецян. З яго слоў, кантэнт гэтай перадачы, якую вядзе гендырэктар прапагандысцкага агенцтва «Россия сегодня» Дзмітрый Кісялёў, парушае заканадаўства краіны, піша The Moscow Times.
Да гэтага ў сераду МЗС Арменіі выклікала амбасадара РФ Сяргея Капыркіна ў сувязі з выпускам гэтай праграмы ад 12 студзеня і ўручылда яму ноту пратэсту. У ведамстве адзначылі, што Кісялёвым былі «агучаныя штучна генераваныя наратывы, накіраваныя супраць суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці рэспублікі».
Абурэнне ўладаў выклікаў сюжэт, прысвечаны дачыненням Ерэвана з Баку. У ім Кісялёў закрануў тэму Зангезурскага (Сюніцкага) калідора, з дапамогай якога Азербайджан хоча звязаць асноўную тэрыторыю краіны са сваім эксклавам — Нахічэванню, а адтуль — пракласці дарогу ў Турцыю. Прапагандыст заявіў, што прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян «цалкам праігнараваў і ўласныя абавязацельствы па трохбаковым пагадненні» ад 10 лістапада 2020 года, удзельнікам якога была Расея, і катэгарычнае патрабаванне прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева адкрыць Зангезурскі калідор, прапанаваўшы замест гэтага свой праект «Перекресток мира». Пры гэтым Ерэван не браў на сябе абавязацельства па пракладцы гэтага маршруту: у пагадненні гаворыцца толькі аб «гарантыях бяспекі транспартных злучэнняў» паміж Азербайджанам і Нахічэванню.
Паралельна Кісялёў узгадаў Пашыняну ягоныя словы аб тым, што Арменія «прайшла пункт невяртання» ў дачыненнях з АДКБ, і абвінаваціў палітыка ў падрыхтоўцы да «новай вайны» з Азербайджанам. На думку прапагандыста, пра гэта сведчаць закупы зброі ў Францыі. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што Арменія запусціла працэс уступлення ў Еўразвяз, і працытаваў віцэ-прэм'ера Расеі Аляксея Аверчука, які даў зразумець, што тады рэспубліцы давядзецца пакінуць ЕАЭС, бо нельга сумяшчаць чаленства ў абедзвюх арганізацыях. Каментуючы скандал, які выбухнуў, Кісялёў заявіў, што не ведае, якое канкрэтна яго выказванне ў перадачы «закранула армянскіх братоў».
Да гэтага, у сакавіку 2024 года, Арменія заблакавала трансляцыю аўтарскіх праграм «Вечар» прапагандыста Уладзіміра Салаўёва. Пастанова была прынятая праз «сталыя парушэнні», зафіксаваныя Камісіяй па тэлевізіі і радыёвяшчанні (ТРК). Радыё Свабода паведамляла, што апошняй кропляй уладаў стаў выпуск ад 25 лютага, дзе прагучалі абразы на адрас Арменіі ды яе кіраўніцтва.