СМІ: Сі і Эрдаган задумалі выкінуць Расею з вялікага транзіту ў Еўропу
- 16.01.2025, 9:01
Ізаляцыя Масквы набірае абароты.
«Прыязны» да Масквы Кітай хоча адмовіцца ад расейскага транзіту на карысць турэцкага.
Пра гэта паведамляе South China Morning Post, спасылаючыся на крыніцы ў Анкары.
Пекін надзвычай зацікавіў праект вялікай мадэрнізацыі чыгуначнай сеткі Турцыі. Сума інвестыцый, як сцвярджаюць крыніцы, можа дасягнуць $60 млрд.
Удзел у гэтым праекце дасць Кітаю новы альтэрнатыўны наземны шлях для паставак сваіх грузаў у Еўропу.
Кітайцы і еўрапейцы змогуць ажыццяўляць гандаль у абыход Расеі, якая ўгразла ў сваёй вайне супраць Украіны.
Еўрапейцам, як высветлілася, вельмі не падабаецца транзіт праз Расею, і яны імкнуцца пазбягаць гэтых маршрутаў.
Турцыя можа стаць хуткім сродкам злучэння ў сістэме China-Europe Railway Express.
Сітуацыю пракаментаваў у сваім блогу ў Telegram расейскі эканаміст, прафесар Ігар Ліпсіц. Ён адзначыў узмацненне ізаляцыі Расеі праз агрэсію супраць Украіны.
«Расея ўлезла ў вайну, а выгады дастаюцца іншым краінам, дзе ўлады разумнейшыя», - напісаў экспэрт.