Прыніжальная мітусьня Лукашэнкі
- Марк Дзюба, «Салідарнасць»
- 16.01.2025, 13:03
Здароўя на паездкі па Беларусі ўжо не стае?
Ва ўмовах заходніх санкцый Лукашэнка так і не здолеў знайсці рынкі, якія змаглі б годна замяніць еўрапейскі. Нічога ў гэтым плане не змяніў і мінулы год. У 2024-м Лукашэнка акрамя Расеі здзейсніў візіты ў некалькі краін, дзе ўжо не раз бываў: Узбекістан, Азербайджан, Казахстан, Пакістан, Аман, ААЭ.
Толькі паездка ў Манголію была для палітыка першай за ягонае кіраванне. Але даволі відавочна, што яна Беларусі нічога не дасць - як не далі ягоныя сноўданні па афрыканскім кантыненце ў мінулыя гады.
Даволі зневажальным атрымаўся ваяж Лукашэнкі ў Азербайджан, дзе Ільхам Аліеў зацягнуў яго ў Нагорны Карабах, адваяваны ў Арменіі, фармальнай супольніцы Беларусі з АДКБ. Там дыктатар апынуўся ў ролі проські прапаноўваючы ўключыць Беларусь у праграмы аднаўлення тэрыторый.
Якія былі размовы з Пуціным і ягонай жанчынай
Летась Лукашэнка зноў часта лётаў у Расею, дзе сустракаўся з Пуціным: Масква, Казань, Валаам, Санкт-Пецярбург. Падчас іх кароткіх размоў у прысутнасці журналістаў Лукашэнка традыцыйна прасоўваў расейскія прапагандысцкія наратывы.
З незвычайнага можна вылучыць тры моманты.
Па-першае, Пуцін двойчы за год прыляцеў у Менск, чаго не было вельмі даўно. Але, як вядома, правадыр РФ больш не можа лётаць у многія краіны свету - з-за выдачы Міжнародным крымінальным судом ордэру на ягоны арышт.
Па-другое, Лукашэнка схадзіў на дабрачынны фестываль «Аліна», які прайшоў у Менску, які праводзіла Аліна Кабаева. Праз некалькі месяцаў цэнтр «Дасье» паведаміў, што яна нарадзіла Пуціну дваіх сыноў - у 2015-м і 2019-м гадах.
Па-трэцяе, па дарозе з Манголіі Лукашэнка чамусьці заляцеў у Іркуцкую вобласць, дзе наведаў возера Байкал. Адтуль ягоная прэс-служба апублікавала дзіўныя кадры.
Паездкі ў беларускія рэгіёны мелі імітацыйны характар
Гэта раней Лукашэнка любіў часта і падоўгу выбірацца ў глыбінку, наведваць за раз некалькі прадпрыемстваў, размаўляць з мясцовымі жыхарамі. Цяпер дыктатар праз сваю нізкую папулярнасць і праблемы са здароўем выбіраецца за межы Менска рэдка.
Паездак у рэгіёны набіраецца так мала, што іх даводзіцца імітаваць. Вядома, што Лукашэнка любіць бавіць час на сваёй малой радзіме ў Александрыі. А вось спіс яго паездак (у афіцыйных фармулёўках), якія ў рэальнасці займалі блізу паўгадзіны дарогі і менш:
Красавік. Лукашэнка ў дзень рэспубліканскага суботніка на сваёй малой радзіме заклаў яблыневы сад.
Травень. Інспекцыя экспэрыментальных палёў у Магілёўскай і Віцебскай абласцях (на відэакадрах акрамя Лукашэнкі быў бачны толькі набліжаны бізнэсовец Сяргей Цяцерын). Наведванне завода «Легмаш» у Воршы.
Ліпень. Удзел у свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»).
Жнівень. Рабочая паездка ў Шклоўскі раён. Наведванне агракамбіната "Юбілейны" ў Аршанскім раёне.
Кастрычнік. Рабочая паездка ў Шклоўскі раён.
Прыкладна па такім жа прынцыпе былі арганізаваныя паездкі дыктатара па прадмесцях Менска. Так узнікла некалькі візітаў у Менскі і Смалявіцкі раёны, а таксама ў Койданава.
Так, былі летась палёты Лукашэнкі крыху далей. Ён пабываў на "Дажынках" у Полацку, Мастах, Клімавічах і Валожыне. Аднак як падлічыў праект Мотолько Помоги, там гелікаптэр дыктатара прызямляўся ў сярэднім на паўтары гадзіны.
А пра якасць размоў Лукашэнкі з простымі грамадзянамі добра сведчылі ягоныя сустрэчы са студэнтамі - да «вольнага мікрафона» у рэальнасці не падпусцілі ніводнага чалавека з рэальным крытычным пытаннем.
Марк Дзюба, «Салідарнасць»