КНДР ужо страціла трэць сваіх войскаў на Куршчыне
- 16.01.2025, 11:28
Паўночнакарэйцаў выкошваюць украінскія БПЛА.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што трэць вайскоўцаў, якіх КНДР накіравала ў Курскую вобласць, ужо загінулі або былі параненыя. Палкоўнік, кіраўнік выведвальнага цэнтра Сіл абароны Эстоніі Антс Ківісельг пацвердзіў такія звесткі.
У той жа час гэта не сведчыць аб тым, што паўночнакарэйскія войскі не з'яўляюцца "сур'ёзнымі ваярамі", мяркуе украінскі вайсковец Уладзімір Дземчанка. Паводле ягоных слоў, яны маюць "бездакорную стралковую падрыхтоўку", піша Forbes.
У выданні нагадалі, што салдаты КНДР пачалі свае першыя атакі на Куршчыне ў снежні, маршыруючы па заснежаных палях, каб абстрэльваць украінскія пазіцыі. Нягледзячы на вялікія страты ад украінскіх мін, артылерыі і дронаў, паўночнакарэйскія войскі працягвалі свой наступ.
«Напады пяхоты, у асноўным без падтрымкі бранятэхнікі, не з'яўляецца ўнікальным паўночнакарэйскім феноменам. Украінскія беспілотнікі ўвесь час знаходзяцца ўсюды, што робіць практычна немагчымым прарыў прыкрыцця для расейскай і паўночнакарэйскай тэхнікі. Са слоў аднаго расейскага блогера, танкі «проста не даязджаюць да лініі для пачатку нападу». Іх расстрэльваюць з беспілотнікаў за шмат кіламетраў», - дадаюць у Forbes.
У сваю чаргу менавіта пяхота нясе на сабе асноўны цяжар баёў. Больш за 200 паўночнакарэйцаў былі забітыя або параненыя падчас першага штурму ў Курскай вобласці.
«Адзін няўдалы штурм у пачатку гэтага месяца мог прывесці да 400 расейскіх ахвяр на зямлі. Да сярэдзіны студзеня 3800 з 12 000 вайскоўцаў паўночнакарэйскага 11-га вайсковага корпуса былі забітыя, параненыя ці - што значна меней верагодна - патрапілі ў палон», - прааналізавалі экспэрты.
У той жа час Зяленскі адзначаў, што невялікая колькасць вайскоўцаў КНДР, якіх захапілі ў палон украінскія ваяры, паказвае бязлітаснасць аб'яднанай расейскага-паўночнакарэйскага войска.
"Расейскія войскі і іншыя паўночнакарэйскія вайскоўцы звычайна караюць смерцю сваіх параненых, каб сцерці ўсе довалы ўдзелу Паўночнай Карэі ў вайне супраць Украіны", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Таксама Дземчанка расказаў, што параненыя паўночнакарэйцы часам забіваюць сябе проста на полі бою.
«Гэта вельмі загартаваныя тыпы, якія пры раненні дзейнічаюць па адной схеме: выдраць чэку, прыкласці гранату да галавы і дабранач», - дадаў вайсковец.
Аднак страты Паўночнай Карэі маглі б быць большымі, калі б яны не мелі добрую стралковую падрыхтоўку. У параўнанні з дрэнна падрыхтаванымі расейскімі акупантамі, пяхотнік КНДР гадамі рыхтуецца да вайны, падкрэслілі ў Forbes.
«Пра гэта сведчыць статыстыка знішчаных імі малых беспілотнікаў», - адзначыў Дземчанка.
У выданні рэзюмавалі, што знясілены на траціну 11-й вайсковы корпус КНДР можа мець патрэбу ў падмацаванні:
«Незразумела, ці ўзяў Пхеньян на сябе абавязанні разгарнуць больш войскаў. Але паўночнакарэйскі рэжым, безумоўна, мае намер гэта зрабіць. З паведамленняў, Масква гандлюе ключавымі вайсковымі тэхналогіямі ў абмен на дадатковую працоўную сілу».