BE RU EN

Расеі давядзецца заплаціць за газ для Прыднястроўя

  • 16.01.2025, 12:25

План па стварэнні рукатворнага крызісу быў няўдалы.

Расея плануе развязаць энэргетычны крызіс у Прыднястроўскім рэгіёне Малдовы шляхам закупкі газу на еўрапейскіх спотавых рынках праз кампанію Natural Gaz DC.

Са звестак расейскай газеты «Коммерсант», пастаўкі да 3 млн кубаметраў газу штодня са студзеня да красавіка могуць каштаваць амаль $164 мільёнаў, якія плануецца выдаць з бюджэту Расеі.

Прыднястроўе, якое пакутуе ад веерных адключэнняў электраэнергіі, спадзяецца на хуткае аднаўленне паставак газу ў рамках гуманітарнай дапамогі ад РФ. Са звестак выдання, Масква і Тыраспаль прапрацоўваюць магчымасць паставак не праз альтэрнатыўную Украіне "Турэцкую плынь", як меркавалася раней, а шляхам закупкі газу на еўрапейскім спотавым рынку з дапамогай кампаніі-пасрэдніка. Выдаткі ў гэтым выпадку, магчыма, будуць кампенсавацца расейскім бюджэтам. Папярэдне паводле гэтай схемы мяркуецца закупляць газ са студзеня да красавіка ў аб'ёме блізу 3 млн кубаметраў за дзень, што, паводле ацэнак выдання, можа каштаваць $164 млн.

Як паведамляе расейскі Інтэрфакс, кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі> пацвердзіў магчымасць аднаўлення паставак газу ў непрызнаную рэспубліку неўзабаве у рамках «гуманітарнай дапамогі».

«Тэхнічныя дэталі пакуль не ўдакладненыя, але газазабеспячэнне для патрэб жыхароў рэгіёну і функцыянавання эканомікі будзе адноўленае ў фармаце гуманітарна-тэхнічнай дапамогі», – паведаміў Краснасельскі, удакладніўшы, што перамовы вяліся з Мінэнерга РФ.

Са слоў Краснасельскага, газ будзе пададзены ў аб'ёме, які неабходны "для цеплаэнергетыкі і для прамысловых прадпрыемстваў менавіта Прыднястроўя".

Дакладную дату і спосаб надання гуманітарнай дапамогі ён не назваў, падкрэсліўшы, што "падача газу пачнецца, гэта факт". Ён таксама дадаў, што гатовы сустрэцца з прэзідэнткай Малдовы Маяй Санду для абмеркавання пытанняў энэргазабеспячэння.

Апошнія навіны