Украіна і Брытанія падпісалі пагадненне аб 100-гадовым партнёрстве
- 16.01.2025, 16:00
Што прадугледжвае дамова?
Вялікабрытанія і Украіна падпісалі 100-гадовую дамову аб партнёрстве. Яна павінна пабудаваць трывалыя сувязі паміж дзвюма краінамі ва ўсім спектры стасункаў: ад гандлю, бяспекі і абароны, да навукі і тэхналогій, адукацыі, культуры і іншае.
Больш падрабязна аб падпісанні пагаднення і што прадугледжвае 100-гадовае партнёрства паміж Украінай і Брытаніяй.
Адпаведную дамову падпісаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам, які прыбыў напярэдадні ў Кіеў з неанансаваным візітам, перадае «Укрінфарм».
«Сёння сапраўды гістарычны дзень. Стасункі Украіны і Вялікабрытаніі блізкія як ніколі. Мы выйшлі на новы ўзровень, гэта больш за стратэгічныя стасункі. Мы падпісалі пагадненне аб 100-гадовым партнёрстве», - заявіў Зяленскі.
Што прадугледжвае пагадненне
Адпаведны дакумент будзе спрыяць вайсковаму супрацоўніцтву краін у марской бяспецы праз новую структуру для ўзмацнення бяспекі ў Балтыйскім, Чорным і Азоўскім морах і стрымлівання расейскай агрэсіі.
Таксама ён аб'яднае экспэртаў для развіцця навукова-тэхналагічнага партнёрства ў такіх сферах, як ахова здароўя і хвароб, агратэхніка, космас і дроны, а таксама для наладжвання сяброўства праз навучальныя праекты.
Акрамя таго, будзе запушчана новая распрацаваная Брытаніяй схема праверкі збожжа, для адсочвання скрадзенага збожжа з акупаваных украінскіх тэрыторый.
Дакумент таксама замацоўвае пазіцыю Вялікабрытаніі як прыярытэтнага партнёра Украіны ў энэргетычным сектары, стратэгіі здабычы крытычна важных карысных выкапняў і вытворчасці «зялёнай» сталі.
«Ад супольнай працы на сусветнай арэне да пераадолення бар'ераў для гандлю і росту і развіцця культурных сувязяў, Вялікабрытанія і Украіна будуць выступаць адзін за аднаго для абнаўлення, перабудовы і рэформаў для будучых пакаленняў», - заявілі ва ўрадзе Брытаніі.
У брытанскім ведамстве таксама адзначалі, што 100-гадовае партнёрства з'яўляецца «важным крокам у падтрымцы доўгатэрміновай бяспекі Украіны», гарантуючы, што «яна больш ніколі не будзе ўразлівай да той жорсткасці, якую нанесла ёй РФ». Пагадненне абавязвае Брытанію стаяць плячо да пляча з суверэннай Украінай на працягу наступнага стагоддзя.