Брытанія перадасць Украіне 150 ствалоў артылерыі
- 16.01.2025, 17:21
Таксама ў новым пакеце дапамогі будзе сістэма СПА.
Вялікая Брытанія найбліжэйшым часам перадасць Украіне 150 ствалоў артылерыі і новую мабільную сістэму супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта стала вядома падчас прэс-канферэнцыі прэм'ер-міністра Вялікай Брытаніі Кіра Стармера і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў чацвер, 16 студзеня, паведамляе карэспандэнт «Еўрапейскай праўды».
Як заявіў Стармер у Кіеве, сёлета Вялікая Брытанія ўжо выдзеліла 3 млрд фунтаў стэрлінгаў на вайсковую дапамогу.
«Мы ідзём далей, каб падтрымаць лінію фронту, падаючы 2,2 млрд фунтаў стэрлінгаў, якія будуць вернутыя не Украінай, а за кошт адсоткаў ад замарожаных расейскіх актываў», – сказаў прэм'ер.
Ён анансаваў, што Брытанія перадасць Украіне 150 ствалоў артылерыі, вырабленых кампаніяй Sheffield Forgemasters.
«Упершыню за больш чым 20 гадоў гэтыя ствалы будуць вырабленыя ў Вялікай Брытаніі. І яны пачнуць паступаць ва Украіну ўжо праз некалькі тыдняў», - заявіў кіраўнік брытанскага ўрада.
Стармер таксама анансаваў пастаўкі новай мабільнай сістэмы супрацьпаветранай абароны, якая распрацоўвалася супольна з Даніяй.
«Мы будзем працаваць з хаўруснікамі, каб узмацніць гэтую працу.
Дазвольце мне сказаць вельмі дакладна, калі гаворка ідзе аб трэніроўцы ўкраінскіх абаронцаў. Нішто не здымаецца з парадку дня», - падкрэсліў ён.