BE RU EN

Corriere della Sera: Пуцін хавае катастрофу ў эканоміцы

  • 16.01.2025, 18:14

Крызіс пагаршаецца дзеяннямі старшыні Банка Расеі.

За фасадам уяўнай стабільнасці расейскай эканомікі хаваецца сур'ёзны фінансавы крызіс. Corriere della Sera ў сваім артыкуле выкрывае механізмы, з дапамогай якіх Крэмль спрабуе замаскаваць сапраўдны стан эканомікі.

Нягледзячы на вайну з Украінай, якая працягваецца, і рост вайсковага бюджэту да 8% ВУП, афіцыйны дзяржаўны дэфіцыт Расеі за 2024 год склаў усяго 1,9%. Аднак, як адзначае выданне, за гэтай лічбай хаваецца значны рост карпаратыўнай пазыкі, які фінансуецца праз камерцыйныя банкі на ўказанне Крамля.

З моманту пачатку вайны карпаратыўная пазыка ў Расеі вырасла на 71%, дасягнуўшы 415 мільярдаў даляраў, што складае блізу адной пятай ВУП краіны. Больш за палову гэтай пазыкі наўпрост звязанае з вайсковай эканомікай і крэдытамі, выдадзенымі пад ціскам дзяржавы.

Ключавым інструментам схаванага фінансавання стаў прымус расейскіх банкаў выдзяляць льготныя крэдыты прадпрыемствам вайскова-прамысловага комплексу. Эканаміст і банкір Крэйг Кэнэдзі ў сваім даследаванні сцвярджае, што блізу паловы такіх кампаній фактычна з'яўляюцца «зомбі»: яны няздольныя існаваць без дзяржаўнай падтрымкі.

Крызіс пагаршаецца дзеяннямі старшыні Банка Расеі Эльвіры Набіулінай, якая падняла ключавую стаўку да 21%, спрабуючы стрымаць інфляцыю. Гэты крок выклікаў значную незадаволенасць сярод кіраўнікоў абаронных гігантаў, такіх як Сяргей Чэмезаў («Растэх») і Аляксей Мардашоў («Поўначсталь»), якія скардзяцца на яе наўпрост Пуціну.

Італійскія аналітыкі падкрэсліваюць, што Крэмль патрапіў у пастку. Працяг вайны патрабуе ўсё большых фінансавых датацый, што ўзмацняе ціск на і без таго перагружаную банкаўскую сістэму. У той жа час спыненне канфлікту пагражае масавымі банкруцтвамі прадпрыемстваў, чыё існаванне цалкам залежыць ад вайсковых заказаў.

Асабліва трывожным сігналам стала інтэрв'ю Мікалая Патрушава, дарадцы Пуціна, які заявіў, што Украіна «можа спыніць сваё існаванне цягам года». Corriere della Sera інтэрпрэтуе гэтыя словы як ускоснае прызнанне таго, што Расея не зможа весці вайну без поўнага эканамічнага і фінансавага краху.

Эксперты зазначаюць, што расейская эканоміка знаходзіцца на мяжы катастрофы. Устойлівасць балансу паміж банкамі і бізнэсам пад пагрозай, а пазыковая нагрузка працягвае расці. Італійскае выданне падкрэслівае, што з кожным месяцам фінансавая будучыня Расеі становіцца ўсё больш крохкай і хаваць гэты правал ад грамадскасці становіцца ўсё больш складана.

Апошнія навіны