МЗС Польшчы адказала Лукашэнку
- 16.01.2025, 18:59
Дыктатар хлусіць пра палітвязня Пачобута.
16 студзеня падчас наведвання Менскага тэхнапарку Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Польшча адмовілася «нават весці размовы» аб вызваленні журналіста газеты «Gazeta Wyborcza», аднаго з лідараў польскай дыяспары Анджэя Пачобута.
- Што тычыцца Пачобута, нават казаць няма чаго. Я вам шчыра гавару як чалавек, які інфармаваны: яны адмовіліся ад Пачобута. Палякі адмовіліся весці нават размовы наконт Пачобута, - сказаў Лукашэнка.
Ён таксама дадаў, што, паводле яго інфармацыі, сам Пачобут не хоча пакідаць Беларусь і пераязджаць у Польшчу.
Прэс-сакратар польскага МЗС заявіў, што Польшча ніколі не адмаўлялася ад перамоў з беларускай уладай аб вызваленні Анджэя Пачобута.
- Калі дыктатар Беларусі Лукашэнка кажа, што не ведае, што рабіць з Пачобутам, то я скажу яму, што трэба зрабіць. Перш за ўсё ён павінен вызваліць яго з турмы, - сказаў Павел Уронскі ў каментары «Зеркалу». - Анджэй Пачобут - горды грамадзянін Беларусі, які таксама ганарыцца сваім польскім паходжаннем. Але ён мусіць быць свабодным чалавекам у свабоднай краіне і жыць там, дзе ён хоча.