BE RU EN

У Ізраілі апублікавалі поўны тэкст дамовы з ХАМАС

  • 16.01.2025, 19:21

Дакумент складаецца з васьмі раздзелаў і 20 пунктаў.

Выданне Times of Israel апублікавала поўны тэкст пагаднення паміж Ізраілем і ХАМАС, узгоднены 15 студзеня пры пасярэдніцтве Егіпта, Катара і ЗША. Дакумент складаецца з васьмі раздзелаў і 20 пунктаў.

Першая фаза спынення агню, як ужо заяўлялі, прадоўжыцца 42 дні, за гэты перыяд будуць паступова вызваленыя 33 закладнікі. Дзевяць з іх - хворыя і параненыя, іх абмяняюць на 110 палестынскіх зняволеных, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах. Ізраіль таксама пагадзіўся адпусціць 1 тысячу жыхароў сектара Газа, узятых пад варту з пачатку баявых дзеянняў, але не датычных да нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года. Паджылыя закладнікі (старэйшыя за 50 гадоў) будуць абмененыя ў суадносінах адзін да трох палестынцаў, якія адбываюць пажыццёвае зняволенне ў ізраільскіх турмах, або адзін да 27 зняволеных, якія адбываюць іншыя тыпы пакарання.

Усе палестынцы, якія будуць вызваленыя ў рамках угоды, будуць накіраваныя ў сектар Газа ці ў трэція краіны.

Згодна з тэкстам пагаднення:

з моманту ўваходжання замірэння Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) прыступіць да вываду сваіх сіл з густанаселеных раёнаў. Вайсковая прысутнасць захаваецца ў спецыяльнай буфернай зоне на поўдзень і захад ад граніцы Ізраіля і сектара Газа. Яе глыбіня складзе 700 м, але ў пяці пунктах можа быць павялічаная яшчэ на 400 м;

унутрана перамешчаныя бяззбройныя палестынцы змогуць вярнуцца ў свае дамы, у тым ліку на поўначы сектара Газа. Іх транспартныя сродкі будуць надглядацца прыватным падрадчыкам, выбраным пасярэднікамі;

ЦАХАЛ павінна будзе паступова скарачаць сваю прысутнасць у Філадэльфійскім калідоры на мяжы Газы і Егіпта, а з вызваленнем апошняга закладніка на 42-і дзень пачне поўны вывад сіл з гэтага раёна. Ён павінен быць скончаны не пазней як на 50-ы дзень з моманту ўваходжання пагаднення ў дзеянне;

Ізраіль дазволіць адкрыць КПП «Рафах» на мяжы з Егіптам для перамяшчэння цывільных асоб і параненых пасля таго, як атрымае ад ХАМАС усіх жанчын і дзяцей. За дзень яго змогуць перасякаць толькі 50 параненых баевікоў у суправаджэнні не больш чым трох чалавек. Сілы ЦАХАЛ будуць размешчаныя побач з пагранпунктам;

канчатковай мэтай перамоў называецца вяртанне да ўстойлівага спакою ў рэгіёне, якое дазволіла б дасягнуць сталага замірэння. Усе працэдуры, якія ажыццяўляюцца на першай фазе, будуць прадоўжаныя і ў другой фазе для садзейнічання перамовам.

Раней канцылярыя ізраільскага прэм'ер-міністра Біньяміна Нэтаньяху заявіла, што ХАМАС у апошні момант адмовіўся ад некаторых дамоўленасцей у рамках угоды з Ізраілем, тым самым перашкодзіўшы ўкладанню пагаднення. 16 студзеня ізраільскі кабмін планаваў прагаласаваць па ўгодзе, а ўжо 19 студзеня яна павінна была набыць моц.

Апошнія навіны