ЗША рассакрэцілі важную інфармацыю аб вайне ва Украіне
- 17.01.2025, 17:07
Названая пастанова, якая мела "рэальны стратэгічны ўплыў" на баявыя дзеянні.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна рассакрэціла інфармацыю аб тым, як яна дапамагла Украіне ў развіцці вайсковай індустрыі беспілотнікаў, піша The New York Times.
Адзначаецца, што афіцыйныя асобы ЗША зрабілі буйныя інвестыцыі, якія дапамаглі Украіне пачаць і пашырыць вытворчасць беспілотнікаў, змагаючыся з больш шматлікім і лепш абсталяваным войскам Расеі.
Гэта тая частка вайсковай падтрымкі ЗША, якая дагэтуль заставалася «ў цені».
Акцэнтуецца, што дапамога ўключала падтрымку (грашыма і накіраваннем супрацоўнікаў выведкі ва Украіну) у распрацоўцы новага пакалення беспілотнікаў і рэвалюцыйных метадах вядзення вайны.
Як заявіў дарадца ў нацыянальнай бяспецы ЗША Джэйк Саліван, падтрымка мела "рэальны стратэгічны ўплыў" на вайну:
"Мы ўбачылі, як беспілотныя лятальныя апараты становяцца ўсё больш важнымі ў баявых дзеяннях на Украіне і будуць адыгрываць цэнтральную ролю ва ўсіх будучых баях".
Паводле ягоных слоў, намаганні для выкарыстання беспілотнікаў пачаліся пасля першага контрнаступлення ўкраінцаў восенню 2022 года, а актывізаваліся яны падчас падрыхтоўкі да другога контрнаступу Украіны.
У NYT са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў адзначылі, што інвестыцыі ЗША зрабілі ўкраінскія беспілотнікі больш эфектыўнымі і смяротнымі - яны знішчылі чвэрць расейскага чарнаморскага флоту і дапамаглі запаволіць прасоўванне Расеі на ўсходзе Украіны.