Каманда НХЛ паставіла ўнікальнае дасягненне, забіўшы гол без кідка па браме за ўвесь перыяд
- 17.01.2025, 20:23
Форварду зламалі клюшку.
У матчы рэгулярнага чэмпіянату Нацыянальнай хакейнай лігі сезону-2024/25 «Бафала» залічылі гол, хоць каманда не нанесла ніводнага кідка па браме за ўвесь трэці перыяд.
Паводле звестак прэс-службы лігі, гэта адбылося ўпершыню ў гісторыі НХЛ.
Рэч у тым, што ў пераможным матчы супраць «Караліны» (2:4) форвард «Бафала» Раян Маклеад меў шанец забіць гол, але яго збіў спаборнік. Хакеісту нават зламалі клюшку, перашкодзіўшы шайбе заляцець у пустую браму.
Паводле правілаў НХЛ узяцце брамы фіксуецца аўтаматычна, калі парушаюць правілы супраць хакеіста, які мае шанец забіць у пустую браму. Таму арбітры запісалі шайбу на Маклеада, што і дазволіла «Бафала» паставіць рэкорд лігі. Дарэчы, Раян у гэтай гульні яшчэ аформіў першы хет-трык у кар'еры.
Адзначым, што за першыя два перыяды гаспадары нанеслі 24 кідкі. А «Караліна» 36 разоў за гульню трапіла ў створ брамы спаборнікаў.