BE RU EN

Беларусаў папярэдзілі пра падатак 26%

  • 18.01.2025, 10:05

У МПЗ патлумачылі, у якім выпадку яго давядзецца плаціць.

Міністэрства падаткаў і збораў патлумачыла, як беларусам законна працаваць з крыптавалютай (токенамі) і плаціць з яе падаткі.

Адпаведная інфармацыя з'явілася на сайце ўстановы. Акрамя таго, там паведамілі, што ў беларусаў узнікала шмат пытанняў на гэты конт.

Якія аперацыі з крыптавалютай дазволеныя беларусам?

Паводле сцвярджэння ўстановы, беларусам дазваляецца самастойна валодаць токенамі, займацца майнінгам, захоўваць іх у віртуальных гаманцах, абменьваць на іншыя токены, а таксама набываць, прадаваць за беларускія рублі, замежную валюту, электронныя грошы, дарыць і пакідаць у спадчыну.

Аднак пасярэдніцтва ў аперацыях з токенамі для іншых людзей забароненае. Набываць і прадаваць токены за грошы можна толькі праз рэзідэнтаў Парку высокіх тэхналогій (ПВТ).

Аперацыі на замежных крыптабіржах з вывадам грошай на рахункі нерэзідэнтаў ПВТ, а таксама разлікі наўпрост паміж фізічнымі асобамі ўважаюцца за незаконныя.

Пры гэтым абмен токенаў на іншыя токены на замежных біржах дазволены, калі гэта робіцца самастойна і не для дапамогі іншым. Выводзіць грошы з замежных крыптабіржаў на замежныя банкаўскія рахункі можна, толькі калі вы знаходзіцеся за мяжой і здзяйсняеце аперацыі, якія ў прынцыпе дазволеныя для беларусаў.

Калі грамадзянін набыў токены ў рэзідэнта ПВТ, перавёў іх на замежную біржу, абмяняў там на іншыя токены, вярнуў на беларускую біржу і прадаў за рублі ці валюту – гэта законна.

Таксама законна, знаходзячыся за мяжой, прадаць токены на замежнай біржы і вывесці грошы на свой рахунак у замежным банку.

Як плаціць падаткі з прыбытку ў крыптавалюте?

Прыбыткі ад аперацый з токенамі, атрыманыя ад нерэзідэнтаў ПВТ, замежных арганізацый, ІП або фізічных асобаў, абкладаюцца падаходным падаткам паводле стаўкі 13 адсоткаў. Прыбытак вызначаецца як сума, фактычна выведзеная з замежнай пляцоўкі або атрыманая ад замежнай асобы / арганізацыі.

Пры вызначэнні падатковай базы не ўжываюцца падатковыя вылікі і не ўлічваюцца выдаткі, звязаныя з набыццём токенаў.

Падатковую дэкларацыю трэба падаць да 31 сакавіка года, які ідзе за годам атрымання прыбытку. Калі ж прыбытак атрыманы ад незаконнай дзейнасці або не задэклараваны, стаўка падатку складзе 26 адсоткаў.

«Пры гэтым падатковая база ў прыбытках, атрыманых ад незаконнай і (або) забароненай дзейнасці, вызначаецца ў тым ліку з улікам прыбыткаў ад абмену токенаў на іншыя токены», – заявілі ў міністэрстве.

Важна памятаць, што аперацыі з токенамі праз рэзідэнтаў ПВТ, майнінг, абмен токенаў, а таксама атрыманне іх у дар або ў спадчыну падаткам не абкладаюцца. Перамяшчэнне токенаў паміж сваімі гаманцамі за прыбытак не ўважаецца.

Апошнія навіны