CNBC: Індыю чакае «нафтавы шок»
- 18.01.2025, 12:17
Новыя санкцыі ЗША супраць РФ аказаліся шырэйшыя.
Індыя сутыкаецца з «нафтавым шокам» праз жорсткія санкцыі ЗША супраць энэргетычных кампаній РФ і караблёў, пры дапамозе якіх Крэмль экспартуе нафту ў абыход заходніх абмежаванняў.
Адна з найбуйнейшых эканомік Азіі рызыкуе сутыкнуцца з ростам інфляцыі на фоне праблемаў з пастаўкамі нафты, гаворыцца ў матэрыяле CNBC.
88% патрэбаў Індыі ў нафце пакрываліся імпартам, прычым дзель расейскіх паставак займала 40%.
Летась падсанкцыйныя караблі перавезлі блізу 687 мільёнаў бараляў сыравіны, з якіх 30% былі накіраваныя ў Індыю.
Амерыканскія санкцыі аказаліся глыбейшыя і шырэйшыя, чым меркавалі рынкі, таму збоі будуць нарастаць, упэўненыя спецыялісты.
Аглядальнікі акцэнтуюць увагу, што санкцыі прыпалі на той момант, калі Індыя, паводле прагнозаў, у 2025 годзе павінна стаць спажыўцом нафты нумар адзін у свеце, перасягнуўшы Кітай.
Залежнасць Індыі ад расейскай сыравіны яшчэ зусім нядаўна не была такой значнай. Напрыклад, у 2021 годзе расейскія пастаўкі займалі толькі 12% у індыйскім імпарце нафты, але ўжо да 2024 года выраслі да 37,6%. Індыя скарысталася санкцыямі супраць расейскай нафты, якія абвалілі кошты на гэтую сыравіну, і набывала яе ў кампаній, якія не патрапілі пад абмежаванні.
Цяпер перабоі з пастаўкамі ў Індыю могуць скласці да 500 000 бараляў за дзень. Ваганні кошту «чорнага золата» істотна ўплываюць на індыйскую эканоміку. Кошты бензіну і дызельнага паліва рэзка ідуць угару пасля павелічэння кошту сырой нафты.
Акрамя таго, Пекіну і Нью-Дэлі давядзецца плаціць больш і за дастаўку нафты, паколькі тарыфы на перавозку танкерамі таксама выраслі.