Bloomberg: Трамп плануе абвясціць крыптавалюту нацыянальным прыярытэтам
- 18.01.2025, 12:54
Будзе выдадзены спецыяльны ўказ.
Абраны прэзідэнт Дональд Трамп плануе выпусціць указ, які ўзводзіць крыптавалюту ў ранг прыярытэтных кірункаў палітыкі і дае прадстаўнікам галіны права голасу ў яго адміністрацыі.
Выданне Bloomberg піша, што ва ўказе крыптавалюта будзе названая нацыянальным імператывам або прыярытэтам – стратэгічная фармулёўка, закліканая арыентаваць урадавыя агенцтвы на працу з галіной. Таксама плануецца стварыць кансультацыйную раду пра крыптавалюты, якая будзе адстойваць палітычныя прыярытэты галіны.
Гэты ўказ адзначыць змяненне сітуацыі з крыптавалютамі, якія сталі аб'ектам расследаванняў падчас прэзідэнцтва Джо Байдэна пасля цэлага шэрагу гучных справаў аб махлярстве. За апошнія гады федэральныя агенцтвы, уключаючы Камісію каштоўных папераў і біржаў, падалі больш за 100 выканальных пазоваў супраць гэтага сектару, а банкаўскія рэгулятары ўскладнілі працу крыптавалютных кампаній з фінансавымі ўстановамі.
Паводле словаў крыніцаў, цяпер абмяркоўваецца пытанне ўключэння ва ўказ распараджэння, якое прадпісвае ўсім дзяржаўным установам перагледзець палітыку датычна лічбавых актываў і, магчыма, прыпыніць любыя судовыя працэсы, звязаныя з крыптавалютамі. Спыненне судовых пазоваў, накіраваных супраць цэлага шэрагу кампаній, у тым ліку крыптавалютнай біржы Binance Holdings Ltd, з'яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў для галіны.
Таксама разглядаецца пытанне стварэння нацыянальнага запасу біткойна, які будзе ўключаць у сябе існыя ва ўрадзе запасы найбуйнейшай у свеце крыптавалюты. Паводле звестак аналітычнай кампаніі Arkham, урад ЗША валодае біткойнамі на блізу 20 мільярдаў даляраў, канфіскаванымі ў рамках розных расследаванняў. Пасля выбараў у ЗША біткойн вырас больш як на 50%, збольшага дзякуючы чаканням стварэння такога запасу. У 2024 годзе токен падаражэў больш як у два разы. На стан 11:20 раніцы 17 студзеня паводле нью-ёркскага часу ён гандляваўся з павышэннем амаль на 5% з коштам 104691 даляр.
Трамп паабяцаў выдаць мноства ўказаў, якія датычацца самых розных галінаў і пытанняў, цягам першых некалькіх дзён свайго знаходжання на пасадзе.