Герой замаху на Трампа стаў кіраўніком Сакрэтнай службы ЗША
- 18.01.2025, 13:35
Прызначэнне выклікала бурную рэакцыю.
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў Шона Карана, свайго асабістага целаахоўніка, на пасаду дырэктара Сакрэтнай службы краіны, піша BILD.
«Шон – вялікі патрыёт, і ён пакладзе канец гэтаму вар'яцтву. Ніхто не пасуе на гэтую пасаду лепш», – напісаў у сацсетцы X Дональд Трамп-малодшы.
Каран, які больш за 20 гадоў служыць у Сакрэтнай службе, раней узначальваў групу з 85 агентаў, якія ахоўвалі Трампа падчас ягонай перадвыбарнай кампаніі. Ён даўно ўваходзіць у найбліжэйшае кола экс-прэзідэнта, суправаджаючы яго яшчэ з першай кадэнцыі. Падчас замаху ў ліпені ў Пенсільваніі Каран захіляў Трампа ад куляў, што, на думку некаторых аналітыкаў, і стала вызначальным чыннікам для ягонага прызначэння.
Аднак прызначэнне выклікала бурную рэакцыю. Рэспубліканцы ўспрынялі навіну з захапленнем, называючы Карана «героем», у той час як дэмакраты крытыкуюць яго за нястачу кіраўніцкага досведу. Сакрэтная служба ЗША, у якую ўваходзяць больш за 3500 супрацоўнікаў, сутыкаецца са шматлікімі выклікамі, і дэмакраты сумняваюцца, што Каран справіцца з такой працай.
Трамп, наадварот, упэўнены ў сваім выбары і хоча рэфармаваць Сакрэтную службу. За апошнія гады агенцтва перажыло серыю скандалаў, у тым ліку парушэнне бяспекі ў Белым доме і выпадкі неналежных паводзінаў агентаў.