BE RU EN

Канфлікт у Бундэстагу: Аналена Бербок пакінула залу пасяджэнняў

  • 18.01.2025, 13:59

Праз блакаванне ваеннай дапамогі Украіне.

У найвышэйшым палітычным кіраўніцтве Нямеччыны ўзніклі моцныя супярэчнасці. Міністарка замежных справаў краіны Аналена Бербок не даравала канцлеру Олафу Шольцу блакаванне ваеннай дапамогі Украіне. Пра гэта напісала ўплывовая нямецкая газета BILD.

Пасля таго як Шольц заблакаваў пакет надзвычайнай дапамогі Украіне памерам 3 млрд еўраў, абураная Бербок пакінула залу пасяджэння. Канцлер спрабаваў яе спыніць, але беспаспяхова. Напружаны момант паспелі зняць журналісты.

«Бербок адмовілася каментаваць нам тое, што адбываецца. Але адно можна сказаць напэўна – стасункі паміж ёй і Шольцам вельмі дрэнныя», – піша BILD.

На баку Бербок у гэтым канфлікце таксама міністр абароны Нямеччыны Барыс Пісторыюс. Абое настойваюць на тым, што Украіне трэба як мага хутчэй вылучыць дадатковую дапамогу для паставак трох сістэмаў СПА Iris-T, артылерыйскіх боепрыпасаў, ракетаў для сістэмаў Patriot, а таксама колавых гаўбіцаў.

Бербок не хавае сваёй незадаволенасці Шольцам у пытанні Украіны. Раней у падкасце Politico «Berlin Playbook» яна зрабіла даволі рэзкую заяву з гэтай нагоды. «Балюча, што для пэўных палітыкаў пытанне галасоў на выбарах у Бундэстаг важнейшае, чым забеспячэнне міру і свабоды ў Еўропе», – сказала міністарка.

Апошнія навіны