«Яна стала дзейснай снайперкай»
- 18.01.2025, 23:15
Сталі вядомыя абставіны гераічнай гібелі Марыі Зайцавай.
Ва Украіне загінула добраахвотніца з Беларусі Марыя Зайцава.
Некралог на гібель беларускі апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook Руслан Мірашнічэнка – камандзір 2-га Міжнароднага легіёну Узброеных сілаў Украіны.
«Мозг ірве на часткі... Не магу маўчаць, і я не магу сказаць больш, чым можна», – пачаў свой допіс Мірашнічэнка.
У Легіёне Марыя была з першых дзён яго фармавання. З 2022 года Марыя працавала ў медпункце, але гаварыла, што гэта не яе і што яна павінна быць у акопе з хлопцамі.
У 2023 годзе на Усходнім фронце, дапамагаючы ўкраінскім байцам, Марыя атрымала раненне.
Пасля рэабілітацыі, прайшоўшы навучанне і трэніроўкі цягам некалькіх месяцаў, Марыя Зайцава стала дзейснай снайперкай.
Камандзір легіёну паведаміў абставіны гібелі беларускі:
«Сёння ноччу пад Пакроўскам яна папрацавала добра, але арта робіць сваё. Узгадайце Марыю сёння. Памаўчым... яна аддала жыццё за нашу і вашу свабоду. За свабодную Беларусь і свабодную Украіну. Моцная дзяўчына-ваярка. Гонар!»
На гэты момант цела загінулай знаходзіцца ў зоне абстрэлу пад Пакроўскам.
У жніўні 2020 года фатаграфія беларускі са скрываўленым тварам абляцела інтэрнэт. Марыя была параненая падчас акцыі пратэсту ля Стэлы ў Менску. Тады побач з ёй адбыўся выбух шумавой гранаты, кінутай сілавікамі. Пасля некалькіх аперацый на радзіме Марыю эвакуявалі ў Чэхію, дзе яна прадоўжыла рэабілітацыю.