У Мазыры затрымалі ліквідатара аварыі на ЧАЭС
- 18.01.2025, 16:45
Сілавікі рэгулярна затрымліваюць Уладзіміра Целяпуна.
У пятніцу, 17 студзеня, у Мазырскім раённым судзе судзілі ліквідатара аварыі на ЧАЭС і праваабаронцу Уладзіміра Целяпуна, паведамляе тэлеграм-канал выдання «Флагшток».
Крыніца сцвярджае, што праваабаронцу затрымалі яшчэ 15 студзеня, у сераду. Інфармацыя аб судзе над ім з'явілася ў раскладзе Мазырскага раённага суда. Праваабаронцу судзілі паводле адміністрацыйнага артыкула 19.11 КоАП за "распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі".
Сілавікі рэгулярна затрымліваюць Уладзіміра Целяпуна. У снежні 2021 года на яго лецішчы і кватэры праводзілі ператрус.
Уладзімір Целяпун - ліквідатар аварыі на ЧАЭС. Ён узнагароджаны украінскім ордэнам «Чарнобыльскі крыж: Мужнасць. Гонар. Гуманнасць», які ў яго ў красавіку 2013 года разам з хатнім электраінструментам скралі злодзеі. Тады ўзнагароду ўдалося вярнуць з дапамогай Следчага камітэта.