«Усё ў пух і прах разнесена»: УСУ разбілі калону РФ на дарозе забеспячэння
- 19.01.2025, 9:39
Лагістыка акупантаў парушаная.
Сілы абароны Украіны распляжылі варожую калону на дарозе забеспячэння расейскага войска.
У Сеціве з'явілася знятае акупантамі відэа, на якім паказана знішчаная тэхніка. У роліку таксама гаворыцца, што гэтая дарога больш непрыдатная ў лагістычных мэтах, паведамляе «Дыялог.UA».
«Усё, дарога заблакаваная. Ні адна машына тут не праедзе. Усё вельмі цвёрда, вельмі цвёрда. Усё ў пух і прах разнесена. Вось што значыць ландшафтныя дызайнеры - проста мяняецца ландшафт. Гэта ўсё прылёты: мінамёт, «Баба Яга» (так акупант называе ўкраінскія мультыкоптары-бамбавікі - рэд.) і танчык», - паскардзіўся акупант.
На якім кірунку было знятае відэа, не ўдакладняецца. На кадрах, між іншым, можна ўбачыць знішчаны шматмэтавы бронетранспарцёр МТ-ЛБ, так званую «маталыгу».
«МТ-ЛБ валодаюць добрай праходнасцю і былі б нядрэнным транспартам на падобных дарогах, аднак цяпер, за недахопам БМП яны выкарыстоўваюцца пераважна як франтавыя бронетранспарцёры», - піша афіцэр ізраільскага войска і вайсковы блогер Ігаль Левін, каментуючы гэтае відэа.