The Times: Палонныя КНДР ва Украіне адчуваюць сябе так, быццам «выйшлі з машыны часу»
- 19.01.2025, 10:54
Жаўнеры Кім Чэн Ына здзіўленыя гарачай праточнай вадой і прыбіральнямі ў доме.
Прэзідэнт Украіны Зяленскі ў мінулую суботу апублікаваў на сайце X фатаграфіі двух паўночнакарэйскіх жаўнераў, захопленых у палон УСУ. Як адзначае The Times, гэта адны з першых ваеннапалонных з КНДР, захопленых у баі з часоў Карэйскай вайны ў 1950 годзе.
У сеціве таксама з'явіліся відэазапісы допытаў, на якіх палонныя прызнаюцца, што не ведаюць, у якой краіне знаходзяцца. Калі ў іх пытаюцца, ці хочуць яны вярнуцца дадому, адзін ківае галавой «так», а другі кажа: «Я хачу жыць ва Украіне».
Як адзначае Сокіл Парк - дырэктар арганізацыі «Свабода ў Паўночнай Карэі», гэтыя два чалавекі, якія трапілі ў абстаноўку, невымерна адрозную ад той, якую яны ведалі ўсё сваё жыццё, будуць напалоханыя, разгубленыя і апынуцца перад «немагчымым» выбарам.
“Пакінуць Паўночную Карэю вельмі складана. Не абавязкова нават праз індактрынацыю, але таму што гэта твой дом. Тут знаходзіцца ваша сям'я, і для большасці людзей гэта вялізны фактар», - кажа ён.
«Ёсць таксама апасенне, што калі вы не захочаце вяртацца дадому, то што можа здарыцца з вашымі сямейнікамі?».
Дэніэл Тудор, суаўтар кнігі North Korea Confidential, кажа, што наступствы для меркаваных здраднікаў могуць быць суровымі.
«Яны будуць разлічваць так: «Я магу жыць у Еўропе і мець лепшае жыццё, але, з іншага боку, што можа здарыцца з маімі мамай і татам?».
Рэжым можа адправіць вашу сям'ю ў лагеры прымусовай працы, магчыма, на вельмі доўгі тэрмін”.
Сокіл дадаў, што жаўнеры, імаверна, не ведалі сваіх правоў як ваеннапалонных і, магчыма, рабілі свае заявы, мяркуючы, што ўсякі няправільны адказ можа прывесці да катаванняў або смерці.
Паводле слоў Сокіла, бежанцы, з якімі ён працаваў, апісваюць пачатак новага жыцця ў пошуках прыстанішча ў іншай краіне як выхад з машыны часу для паўночнакарэйскіх перабежчыкаў.
«Гэта як калі б нехта з віктарыянскай Англіі прыехаў у сучасную Англію». Хаця асновы чалавечага грамадства шмат у чым супадаюць, відавочна, што тут выкарыстоўваецца іншы ўзровень тэхналогій. Яны могуць быць здзіўленыя такімі элементарнымі рэчамі, як наяўнасць гарачай вады ці прыбіральні ў доме», - адзначае ён.
Неўзабаве пасля таго, як паўночнакарэйцы былі адпраўленыя ваяваць супраць Украіны, з'явіліся паведамленні аб тым, што жаўнеры, якія ніколі раней не мелі свабоднага доступу да Інтэрнэту, падселі на сеткавую парнаграфію. Хоць Сокіл скептычна ставіцца да гэтых неправераных сцвярджэнняў, ён кажа, што для перабежчыкаў «прасторы інтэрнэту спачатку могуць быць проста ашаламляльнымі».
Мяркуецца, што ў абмен на пастаўку войскаў Кім Чэн Ын атрымлівае доступ да перадавых вайсковых тэхналогій Масквы, а таксама харчаванне, рэсурсы і карысны досвед вядзення вайны.
«Кроў звычайных жаўнераў заўсёды карысная, бо вельмі важна мець рэальны баявы досвед», – кажа прафесар Марк Галеоці, старэйшы навуковы супрацоўнік аналітычнага цэнтра Royal United Services Institute.
«Гэта дае ім, а галоўнае - іх афіцэрскаму складу, магчымасць убачыць, як выглядае сучасная вайна XXI стагоддзя, і пераняць гэтыя ўрокі».