Трамп прыбыў у Вашынгтон перад інаўгурацыяй
- 19.01.2025, 10:55
СМІ даведаліся дэталі.
Новаабраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп перад інаўгурацыяй прыбыў у Вашынгтон 18 студзеня. Яна мусіць адбыцца 20 студзеня.
Пра гэта паведамляе CBS News.
Як піша выданне, самалёт Трампа прызямліўся ў аэрапорце Далеса ўвечары перад тым, як ён накіраваўся ў гольф-клуб Trump Sterling для запланаваных вячэрніх свят і феерверкаў.
Трамп выйшаў з самалёта блізу 7:20 вечара, ён не адказваў на пытанні, гавораць журналісты, але ненадоўга спыніўся, каб памахаць прэсе і двойчы махнуў кулаком у паветры.
Раней Трамп, Мелані і іх сын Бэран селі на самалёт а 17:13 паводле ўсходняга часу і вылецелі з міжнароднага аэрапорта Палм-Біч, штат Фларыда, паблізу Мар-а-Лага. Яны ўтрох размясціліся на лесвіцы, і Трамп памахаў рукой, перш чым пайсці ўнутр самалёта.
«Пакуль Трамп праводзіць час у сваім клубе, новаабраны віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс наведае прыём для чальцоў кабінета міністраў і зладзіць вячэру ў Вашынгтоне», - канстатуе выданне.
У нядзелю, 19 студзеня, напярэдадні сваёй інаўгурацыі, Трамп павінен узяць удзел у цырымоніі ўскладання вянкоў на Арлінгтонскіх нацыянальных могілках, а затым адправіцца на мітынг на Capital One Arena ў Вашынгтоне. Пасля мітынгу адбудзецца прыватная вячэра.
Дзень інаўгурацыі Трампа
У дзень інаўгурацыі Трамп пачне традыцыйную малітоўную службу ў епіскапальнай царкве Святога Яна, а затым накіруецца ў Белы дом на традыцыйную гарбату з Джо Байдэнам і першай лэдзі, якія пакідаюць сваю пасаду.
Затым Трамп накіруецца ў Капітолій. Больш за 250 тысяч гасцей атрымалі білеты для прагляду інаўгурацыі з усёй тэрыторыі Капітолія. Аб'яднаны камітэт Кангрэса па інаўгурацыйных цырымоніях, які адказвае за планаванне мерапрыемства, адзначыў у заяве, што «пераважная большасць гасцей, якія маюць білеты, не змогуць наведаць цырымонію асабіста».
«На інаўгурацыі будуць адсутнічаць былая першая лэдзі Мішэль Абама і былы спікер Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі. Ніводная з іх не патлумачыла, чаму яна прапускае цырымонію», - канстатуюць журналісты.
Пасля таго, як Трамп прыме прысягу і выступіць са сваёй інаўгурацыйнай прамовай, адбудзецца ўрачыстае развітанне з Байдэнам і віцэ-прэзідэнткай Камалай Гарыс.
«Калі новы рэспубліканскі ўрад прыйдзе да ўлады, Трамп адправіцца на цырымонію падпісання ў Капітолій, каб зацвердзіць некаторыя са сваіх першых афіцыйных актаў, пасля чаго адбудзецца абед у Кангрэсе і агляд войскаў ЗША», - адзначае канал.
Акрамя таго, Трамп зноў плануе выступіць перад сваімі прыхільнікамі, перш чым адправіцца ў Белы дом на цырымонію падпісання ў Авальным кабінеце.