BE RU EN

«Яна была ўлюбёнкай батальёна»

  • 19.01.2025, 18:49

Камандзіры - аб гераічна загінулай ва Украіне беларусцы Марыі Зайцавай.

У жніўні 2020 года СМІ абляцеў здымак 19-гадовай Марыі Зайцавай, цяжка параненай на пратэстах у Менску. 17 студзеня 2024 года яна загінула ва Украіне, на Пакроўскім кірунку. «Радыё Свабода» паразмаўляла з таварышамі па службе дзяўчыны.

17 студзеня з'явілася інфармацыя аб смерці беларускай добраахвотніцы Марыі Зайцавай, якая была цяжка параненая на пратэстах у Менску ў жніўні 2020 года. Як стала вядома «Свабодзе», на фронт ва Украіну Марыя ўпершыню патрапіла ўвесну 2023 года. Атрымала раненне і вярнулася ў Чэхію, дзе жыла пасля ад'езду з Беларусі. 16 студзеня 2024 года Марыя паехала ва Украіну другім разам. На той момант ёй было 23 гады. На фронце Зайцава служыла ў Другім інтэрнацыянальным легіёне. Спачатку - у медыцынскай частцы, потым - снайперам.

Саслужыўцы беларускі расказалі, якімі былі яе апошнія гады і месяцы.

Ратавала жыцці, перакладала з ангельскай

Алесь Пятроўскі служыць у Другім інтэрнацыянальным легіёне. У 2023 годзе ён быў там начальнікам медчасткі. У легіён прыбыло папаўненне, у тым ліку беларус, які перайшоў з палка Каліноўскага. А таксама Марыя Зайцава, якая прыехала з Чэхіі.

«Чаму яна наважыла далучыцца да добраахвотнікаў? Мне падаецца, яна проста хацела, каб Беларусь была свабоднай. У яе была крыўда, што яе фактычна выгналі з краіны, яна хацела вярнуцца назад. Яе гэта вельмі абразіла - тое, што яна павінна была з'ехаць з Беларусі», - разважае Алесь Пятроўскі.

Ён узгадвае, што ўкраінскія дзеці часам дарылі беларускім добраахвотнікам падарункі, малюнкі і бранзалеты.

«І некаторыя бранзалетыкі былі з чырвона-зялёным колерам. Я прымаў іх, не мог адмовіць дзецям. Але Маша не магла бачыць гэтае спалучэнне - чырвоны і зялёны колер», - адзначае камандзір.

Марыю ён характарызуе як добрага, прыгожага, светлага чалавека, да якога ўсе цягнуліся. Алесь кажа, што яна была “светлай плямай у маім жыцці за апошнія тры гады”.

Новенькую прывялі да начмеда, бо, як ён кажа, не ведалі - што з ёй рабіць.

«Маленькая такая, зброяй не валодае, ну куды яе?», - успамінае Пятроўскі. Так Марыя патрапіла ў медыцынскае падраздзяленне. Хаця, адзначае Алесь, у акопах ці на штурме няма адрознення — медык ты ці не. Добраахвотнікі павінны ўсё ўмець, але медыкі яшчэ ўмеюць і дапамагчы - турнікет накласці, першую дапамогу надаць.

Камандзір кажа, што Марыя таксама служыла як перакладчыца ў інтэрнацыянальным легіёне, бо добра валодала ангельскай мовай. У падраздзяленні ёсць людзі з розных краін свету, не ўсе з іх валодаюць украінскай ці расейскай мовамі.

«Пайшла на пазіцыі, хоць магла не рабіць гэтага»

Алесь Пятроўскі прыгадвае, што вайсковай навуцы Марыю вучылі самі байцы – напрыклад, як валодаць зброяй. Са слоў камандзіра, дзяўчына вельмі добра страляла, хаця раней у яе не было такога досведу.

Алесь разам з Марыяй быў у акопах у Серабранскім лесе - гарачым пункце фронту ў Луганскай вобласці.

«Камбат супраціўляўся, каб Маша ішла ў акопы, бо яе ўсе бераглі, як маглі. Але пасля гібелі «Менска» (беларускі добраахвотнік. — РС) яна пайшла на нашы пазіцыі, хаця магла не рабіць гэтага», — адзначыў Алесь.

Летам 2024 года ў легіёне была ратацыя. Многія скарысталіся гэтым, каб прайсці новыя курсы - тактычнай медыцыны, кіравання пераноснымі зенітнымі комплексамі або беспілотнікамі. Марыя пайшла вучыцца на стралка, ёй дапамагаў сябар Алеся. Вучылася тры месяцы - са жніўня да кастрычніка 2024 года. Прыкладна ў лістападзе вярнулася да службы, але ўжо снайперам.

«Яна жартавала - вось мы з табой вернемся ў Беларусь, я як снайпер, ты як камандзір БПЛА», - дадаў субяседнік.

«Яна была ўлюбёнкай батальёна»

Руслан Мірашнічэнка да лістапада 2024 года быў камандзірам Другога інтэрнацыянальнага легіёна, дзе служыла Марыя Зайцава. Цяпер па стане здароўя ён часова не служыць, праходзіць лячэнне. Гібель Марыі стала для яго персанальнай стратай, кажа Мірашнічэнка, бо ў легіёне паміж байцамі былі сямейныя дачыненні. Да Марыі ставіліся як да дачкі.

«Наогул яна была ўлюбёнкай батальёна», - падкрэслівае Руслан Мірашнічэнка.

Ён узгадвае, што беларуска прыйшла служыць у легіён практычна з самага пачатку фармавання часткі.

«Прыйшло дзіця да мяне. Матываванае, рашучае, упартае, са смагай да дзеянняў, да вызвалення Украіны. Мы не падзяляем паняцці «вызваленне Украіны» і «вызваленне Беларусі», бо мяркуем, што пасля вызвалення Украіны ад расейскага нашэсця, агрэсіі, наступнай будзе Беларусь», - кажа камандзір легіёна.

Ён спачатку прызначыў Марыю служыць у медпункце, бо ў яе былі адпаведныя навыкі. У 2023 годзе легіён выконваў баявыя задачы ў Данецкай вобласці. Там Марыя Зайцава працавала ў экіпажы медыцынскай эвакуацыі параненых, потым выказала жаданне служыць як баявы медык, непасрэдна на пазіцыях, у акопах надавала першую медыцынскую дапамогу параненым.

«Мы адчувалі недахоп баявых медыкаў на пазіцыях, таму яе рашучасць адпавядала задачам і неабходнасці, патрабаванням падраздзялення. Але як чалавек я ставіўся да яе як да дачкі, таму мне было вельмі цяжка прыняць пастанову. Хацелася, каб яна менш рызыкавала. Але яе рашучасць і зацятасць перамаглі. Марыя з лета 2023 была ў акопах і выконвала баявыя заданні», - распавёў Руслан Мірашнічэнка.

Ён успамінае, як рашуча Зайцава вярнулася ў Другі інтэрнацыянальны легіён пасля ранення і лячэння ў Чэхіі. Тады ж яна выказала жаданне вучыцца на снайпера.

«Інструктары прыглядаліся да яе - пацягне, не пацягне. Але Марыя пачала паказваць даволі добрыя вынікі на стрэльбішчы. Спачатку на баявыя яе не дапускалі, але калі яна давяла сваю вытрымку і дакладнасць, то хадзіла на баявыя заданні…

Светлая, рашучая, вельмі простая ў стасунках, але заўсёды ветлівая, з павагай да людзей…Не магу сказаць, што «была», вельмі светлае дзіця. Гэта гора для ўсяго батальёна.

Бо, як я казаў, яна была ўлюбёнкай. Марыя адна з нямногіх ветэранаў, якія заставаліся ў ім, прайшлі цяжкія баі. Мы страцілі частку сям'і, частку саміх сябе», - дадаў Руслан Мірашнічэнка.

17 студзеня па пазіцыях, на якіх знаходзілася Марыя Зайцава, ударыла расейская артылерыя.

Цела Марыі 18 студзеня вынеслі з поля бою. Аб пахаванні пакуль нічога не вядома.

З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну на фронце загінулі амаль 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева.

Апошнія навіны