Хто намаляваў мішэні на беларускіх заводах
- 19.01.2025, 17:47
Флагманы прамысловасці пад ударам.
Рэжым Лукашэнкі арганізаваў вытворчасць боепрыпасаў для расейскіх рэактыўных сістэм залпавага агню БМ-21 «Град», піша «Салiдарнасць».
З матэрыялаў расследавання BELPOL вынікае, што на смерці ўкраінцаў зарабляе шэраг прадпрыемстваў, не звязаных з вайсковай прамысловасці.
У гэтым спісе фігуруюць менскі Завод дакладнай электрамеханікі, жодзінскі БелАЗ, жлобінскі БМЗ, аршанскі «Легмаш», а таксама МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» і іншыя.
Якія высновы можна зрабіць з гэтай гісторыі? Ва ўмовах вайны ўсе прадпрыемствы, пералічаныя ў гэтым расследаванні, калі інфармацыя пацвердзіцца, тэарэтычна становяцца легітымнай мэтай для ўдару з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.
Так, украінцы дагэтуль не білі па беларускіх НПЗ, якія пастаўляюць паліва для расейскага войска. Але ўсё бывае ў першы раз. У нейкі момант цярпенне Кіева можа скончыцца, і палітычная мэтазгоднасць саступіць мэтазгоднасці вайсковай.
Улічваючы тое, у які прахадны двор для чужых беспілотнікаў ператварылася «мірнае» беларускае неба, нават не хочацца ўяўляць, што чакае нашыя гарады ў такім выпадку. Акрамя таго, не трэба забываць і аб зняцці забароны на выкарыстанне дальнабойнай заходняй зброі.
Колькі разоў мы чулі пра тое, як нехта не даў разваліць гонар беларускай прамысловасці. І вось зараз гэты чалавек уласнымі рукамі намаляваў мішэні на «выратаваных» ім заводах.