BE RU EN

У Латвіі для беларусаў уводзяць новае абмежаванне

  • 20.01.2025, 9:58

Яно закране і расейцаў.

Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі падрыхтавала папраўкі ў закон аб нацыянальнай бяспецы, якімі прадугледжана забараніць грамадзянам Расеі і Беларусі займаць пасады ў структурах кіравання крытычнай інфраструктурай і асабліва значнай у еўрапейскім маштабе крытычнай інфраструктурай, паведамляе Delfi са спасылкай на агенцтва LETA.

Крытычнай інфраструктурай у Латвіі лічацца аб'екты, якія істотныя для рэалізацыі важных грамадскіх функцый, а таксама аховы здароўя, бяспекі, эканамічнага ці сацыяльнага дабрабыту людзей.

"Уласнік крытычнай інфраструктуры, сапраўдны выгаданабытчык або прававы ўладальнік павінен быць лаяльны да Латвіі і яе Канстытуцыі, пры гэтым яму забараняецца надаваць падтрымку, у тым ліку інфармацыйную, асобам або дзяржавам, якія пагражаюць тэрытарыяльнай непадзельнасці, суверэнітэту і незалежнасці або канстытуцыйнаму ладу дэмакратычных дзяржаў" – заяўляюць у МУС Латвіі.

Папраўкі прадугледжваюць, што Расея ці Беларусь, яе грамадзяне ці юрыдычныя асобы, не могуць быць уладальнікамі, кіраўнікамі ці бенефіцыярамі важных аб'ектаў для краіны і ЕЗ.

Беларусам і расейцам таксама будзе забаронена займаць пасады ў такіх структурах і проста працаваць там у найме.

Законапраект неўзабаве разгледзіць урад, а потым і парламент.

Апошнія навіны