Метэарыт упаў у Менскай вобласці
- 20.01.2025, 11:26
Яго маса ацэньваецца на некалькі кілаграмаў.
25 снежня а 17:29:15, калі неба яшчэ заставалася светлым, тры камеры Беларускай метэорнай сеткі зафіксавалі супербалід з яркасцю, блізкай да поўні. Ён праляцеў над Менскам і прызямліўся паблізу Смалявічаў у выглядзе метэарыта, піша kraj.by
Агульная маса метэарытнага рэчыва, якое ўпала, ацэньваецца на некалькі кілаграмаў.
Разлічана траекторыя палёту метэарыта і магчымае поле яго падзення. Фрагменты метэарыта, як мяркуецца, выпалі па лініі вёсак: Рабы Слуп (10—50 грам), Прысынак (50—150 г), Калюга (150—300 г), Чорны лес (300—500 г), Высокія Ляды (500 г — 1 кг) ).
Мясцовым жыхарам прапануецца зважаць на незвычайныя камяні розных памераў, якія могуць ляжаць на паверхні. Метэарыт можа мець наступныя характарыстыкі:
- чорная абгарэлая скарынка з расколінамі або сколамі.
- чорная матавая або карычневая ржавая паверхня.
- ён прыцягваецца магнітам, шчыльны і не друзлы.
Знойдзены метэарыт мае вялікае навуковае значэнне і можа стаць шостым вядомым метэарытам на тэрыторыі Беларусі.
19 студзеня з дапамогай валанцёраў ужо былі арганізаваныя першыя пошукі.