BE RU EN

У Еўрапарламенце заклікалі ўвесці новыя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 20.01.2025, 12:44

Толькі такім чынам можна вызваліць палітвязняў.

«Беларускія палітычныя зняволеныя: выклік для ўсіх у Еўропе» — дыскусія з такой назвай прайшла 15 студзеня ў Брусэлі ў Еўрапейскім парламенце ў рамках форуму, прысвечанага Беларусі з удзелам дэпутатаў Еўрапейскага парламента, беларускіх палітыкаў і журналістаў.

Галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіла кіраўніца Дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў сувязях з Беларуссю, былая намесніца маршалка Сэйма Рэспублікі Польшча Малгажата Гасеўска. На форуме выступілі еўрадэпутаты Анджэй Халіцкі (Польшча), Карын Карлсбро (Швэцыя), Косма Златоўскі (Польшча), Пятрас Аўштравічус (Літва), Марціньш Стакіс (Латвія), Мацей Вонсік (Польшча), а таксама дэпутат парламента Люксембурга, чалец Рады Еўропы Поль Галес.

Дыскусію, прысвечаную палітвязням і магчымым шляхам іх вызвалення, мадэравалі галоўная рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна, удзельнікамі былі дэпутаты Еўрапарламента Марціньш Стакіс і Малгажата Гасеўска, выканаўца абавязкаў старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Яўген Вільскі і прадстаўнік моладзевай фракцыі партыі «Разам» Валерыя Чыж.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна казала пра неабходнасць увядзення санкцый за палітвязняў:

- Сёння ў беларускіх турмах дыктатарскія ўлады ўтрымліваюць тысячы палітычных зняволеных. Колькі іх, вязняў сумлення, напраўду мы не ведаем. Лічбы, якія называюцца сёння (больш за тысячу чалавек) не адпавядаюць рэчаіснасці. Напраўду, можа быць да 10 тысяч вязняў сумлення.

Умовы ўтрымання палітычных зняволеных - сапраўды, жахлівыя. Цягам апошніх чатырох гадоў людзей катуюць, яны паміраюць, яны становяцца інвалідамі. Трэба памятаць: кожны дзень у турме скарачае жыццё гэтых людзей.

Мы зможам дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў толькі ў выпадку, калі даб'ёмся моцных эканамічных санкцый супраць рэжыму непасрэдна за палітвязняў. Сёння няма нават умоў для перамоў аб вызваленні вязняў сумлення, таму што санкцыі Захаду ўведзены за іншыя злачынствы рэжыму: удзел у вайне ва Украіне, міграцыйны крызіс і незаконную пасадку самалёта міжнароднай авіякампаніі. Будзе сур'ёзнае пакаранне за ўтрыманне ў турмах тысяч палітвязняў - будзе магчымасць весці перамовы аб вызваленні людзей, - сказала Наталля Радзіна.

Выканаўца абавязкаў старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» Яўген Вільскі нагадаў пра лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, палітычную зняволеную актывістку грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліну Шарэнду-Панасюк, лідара Беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў Паўла Севярынца і перасцярог ад угод з дыктатарскім рэжымам.

- Зараз раздаюцца галасы, што палітычных зняволеных трэба вызваляць любым шляхам. Нават шляхам паслаблення ці зняцця санкцый. Гэта небяспечны шлях. Такія ўгоды ўмацоўваюць аўтарытарныя рэжымы і ствараюць прэцэдэнты для іншых дыктатараў. Свабода чалавека не можа быць прадметам гандлю ці кампрамісу. Што нам неабходна ці магчыма зрабіць?

Па-першае, узмацненне санкцый і прывязка іх да вызвалення палітычных зняволеных. Санкцыі павінныя быць накіраванымі ў ключавыя эканамічныя сектары, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі: экспарт калійных угнаенняў, нафтапрадукты і іншыя рэсурсы. Важна выключыць шчыліны праз якія рэжым працягвае атрымліваць прыбытак. Важна ўзгадніць беларускія санкцыі і санкцыі супраць Расеі, каб не было ўзаемных магчымасцей іх абыходзіць.

Вельмі дрэнна выкарыстоўваюцца магчымасці Міжнароднай арганізацыі працы, якая ўвяла ў дачыненні да Беларусі артыкул 33 Статута МАП. Бракуе палітычнай волі на ўзроўні нацыянальных дзяржаў, каб запусціць гэтыя санкцыі ў дзеянне. Гэта вельмі добрыя магчымасці для таго, каб фактычна пазбавіць рэжым Лукашэнкі ўсялякіх прыбыткаў.

Далей - узмацненне ціску на сям'ю і партманэты Лукашэнкі і яго міжнародных партнёраў. Нядаўна мы даведаліся, што [уладальнік «Савушкін прадукт» і «Санта-Брэмар»] Аляксандр Машэнскі свабодна ездзіў у Варшаву і нават, паводле некаторых звестак, пражываў там. Гэта недапушчальны факт. Усё гэта трэба вылічаць і перакрываць разнастайныя пралазы.

Беларускія палітычныя зняволеныя павінны быць вызваленыя не шляхам кампрамісаў, якія аслабляюць міжнародны ціск, а праз кансалідацыю намаганняў у дэмакратызацыі ў Беларусі. Толькі сістэмны падыход, які ўключае санкцыі, міжнародны ціск і падтрымку грамадзянскай супольнасці, можа прывесці да рэальных перамен, — сказаў Яўген Вільскі.

Кіраўнік Дэлегацыі Еўрапейскага парламента ў сувязях з Беларуссю Малгажата Гасеўска выказала прынцыповую пазіцыю:

- Мы павінны запатрабаваць далейшых жорсткіх санкцый супраць Лукашэнкі, ягоных памагатых і тых, хто мае дачыненне да ўсталявання тэрору ў Беларусі. Але мы таксама павінны запатрабаваць санкцый супраць еўрапейскіх кампаній, якія працуюць на тэрыторыі Беларусі. Вядома, прадстаўнікі гэтых краін і кампаній тлумачаць, што гэта працоўныя месцы і што яны падвышаюць узровень жыцця беларусаў, але напраўду гэта дае сродкі Лукашэнку для таго, каб працягваць тэрарызаваць народ. Быў прыклад нямецкай кампаніі, якая наймала на працу палітычных вязняў у Беларусі. Санкцыі павінны прымяняцца да рэжыму Лукашэнкі, але таксама і да кампаній, якія супрацоўнічаюць з гэтым рэжымам.

Мы таксама павінны дамагацца адпаведных дзеянняў ад міжнародных інстытутаў, у тым ліку Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, каб злачынцы ведалі, што іх дзеянні не застануцца беспакаранымі. Я поўная рашучасці дзейнічаць і запэўніваю вас, што не супакоюся. Я адкрыта для ўсіх вашых прапаноў, калі справа ідзе да прадстаўлення ў Гаазе доказаў злачынстваў, да якіх маюць дачыненне Лукашэнка і ягоная сям'я, - сказала Малгажата Гасеўска.

Марціньш Стакіс, былы мэр Рыгі, вядомы тым, што вывесіў бел-чырвона-белыя сцягі ў гарадской прасторы Рыгі падчас чэмпіянату свету ў хакеі, а цяпер дэпутат ад Латвіі, паабяцаў, што праца з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй будзе прыярытэтам у яго працы ў Еўрапейскім парламенце, і што адной са сваіх асноўных задач ён бачыць залучэнне іншых сваіх калег-дэпутатаў для ўзняцця беларускай тэмы ў Еўрапарламенце і ў СМІ.

На думку Марціньша Стакіса, пры ўвядзенні санкцый супраць рэжыму ЕЗ павінен улічваць меркаванне беларускай дэмакратычнай апазіцыі: «У нас ёсць прынцып: ніякіх пастаноў аб Украіне без Украіны. Думаю, тут мусіць быць такі ж прынцып. Многія з гэтых санкцый, пра якія мы гаворым, напраўду не даюць ніякага выніку. Так што я думаю, калі мы гаворым пра санкцыі, то вы павінны быць за гэтым сталом, удзельнічаць у абмеркаванні і дапамагаць нам высветліць, якімі могуць быць гэтыя санкцыі».

Аднак, сябра партыі «Разам», якая прадстаўляе прыхільнікаў былога кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыка, Валерыя Чыж заклікала да перамоў з рэжымам Лукашэнкі: «Дыпламатыя правоў чалавека спадзяецца на ціск, распаўсюджванне інфармацыі і перамовы. Давайце выкарыстоўваць усе наяўныя ў нас прылады». На яе думку, зараз магчымае супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі ў розных галінах, напрыклад у сацыяльным ці экалагічным аспекце, а санкцыі не прывядуць да вызвалення вязняў сумлення, бо «таму няма гістарычных прыкладаў».

Наталля Радзіна запярэчыла:

- Такі рэалпалітык прывёў да таго, што ў 2020 годзе Беларусь ператварылася ў дыктатуру. Наадварот - узмацненне санкцый дазваляла вызваляць палітвязняў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года, калі быў арыштаваны кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, улады ЗША увялі эканамічныя санкцыі супраць «Белнафтахіма», і ў 2008 годзе Аляксандр Казулін і іншыя палітвязні выйшлі на волю.

Я таксама пасля выбараў 2010 года сядзела ў турме КДБ і змагла выйсці пад падпіску аб нявыездзе, а не застацца ў гэтай турме, толькі таму, што Еўразвяз тады пагражаў Лукашэнку ўвесці эканамічныя санкцыі. Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў на выбарах 2010 года быў вызвалены ў 2012 годзе толькі таму, што заходнія банкі адмовілі рэжыму Лукашэнкі ў крэдытах, а паслы з краін Еўразвязу з'ехалі з Менска, патрабуючы вызвалення палітвязняў. Такім чынам, Беларусь мае станоўчы досвед дзеяння санкцый.

Перамовы з рэжымам Лукашэнкі будуць магчымыя, калі будуць санкцыі за палітвязняў. Чаго зараз патрабуюць апаненты санкцый: зняцця санкцый, уведзеных за ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны? Гэта немагчыма.

Дэпутат Малгажата Гасеўска таксама выступіла супраць патуранняў рэжыму Лукашэнкі:

- Толькі жорсткая палітыка можа вытрымаць сутыкненне з Расеяй ці з Лукашэнкам у Беларусі - размова, але з пазіцыі сілы. Гэта значыць, санкцыі, жорсткая пазіцыя. Гэта адзінае, што давала вынікі.

Лукашэнка шмат разоў ужо гуляў з Захадам: падманваў і ўдаваў з сябе цывілізаванага палітыка. Але гэта не цывілізаваны палітык, таксама як і Пуцін. Падпісаныя з імі пагадненні не маюць ніякага значэння. Толькі размова з пазіцыі сілы мае значэнне. Гэта адзіны спосаб дабіцца вызвалення палітычных зняволеных.

Прызнаюся, што ў нашых закулісных размовах, я чула розныя меркаванні. Напрыклад, што дэлегацыя Еўрапарламента павінна сустрэцца з паслом, паехаць у Беларусь, сустрэцца з Лукашэнкам і, магчыма, пачаць выкупляць дзелі ў асобных людзей. «Выкупляць» - такія словы былі сказаныя.

Ці значыць гэта, што адно жыццё важнейшае за другое? Выкупіць некалькі чалавек? Прафінансаваць Лукашэнку? Гэта развязанне? Не. Нам трэба праявіць салідарнасць і цвёрдасць. Падам словы вялікага беларускага паэта Янкі Купалы: «Устань. Жывi. Ня гiнь у няволi, зямля мая, народ мой!».

Далей на форуме пры абмеркаванні іншых пытанняў еўрадэпутат ад Шэцыі Карын Карлсбро таксама заклікала да ўзмацнення санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі: «Санкцыі павінныя быць больш эфектыўнымі. Яны павінны быць больш моцнымі, яны павінны быць больш жорсткімі». Ва ўнісон гаварыў віцэ-спікер Сэйма Літвы Юозас Алекас: «Мы павінны ўзмацніць санкцыі супраць рэжыму».

Заканадавец з Літвы Пятрас Аўштравічус параіў беларускім апазіцыйным сілам больш шчыльна супрацоўнічаць з украінскімі палітыкамі: «Побач з бел-чырвона-белым павінен быць жоўта-блакітны. Геапалітычныя змены прынясуць перамены ў Беларусь, а не наадварот», - і таксама заклікаў да ўзмацнення санкцый супраць рэжыму:

«Спадзяюся, высновы гэтай сустрэчы будуць уключаць санкцыі: мацнейшыя санкцыі. Не ашуквайце сябе. Не купляйце так званае «вызваленне палітвязняў» у абмен на паслабленне санкцый - ад гэтай гульні людзі будуць толькі пакутаваць», - сказаў Пятрас Аўштравічус.

Дэпутат ад Польшчы Мацей Вонсік сказаў: «Я думаю, што гэта не толькі Украіна павінна быць у цэнтры сусветнай увагі, але таксама і Беларусь. Я думаю, што гэта адзіны спосаб зрабіць гэта - гэта праводзіць жорсткую палітыку ў дачыненні да Лукашэнкі».

Апошнія навіны