Французскі кангламерат LVMH стаў самай дарагой кампаніяй у Еўропе
- 20.01.2025, 17:25
Рынкавы кошт кампаніі вырас да $356 мільярдаў.
Дацкі вытворца лекаў Novo Nordisk саступіў французскаму кангламерату LVMH статус самай буйной кампаніі ў Еўропе па рынкавым кошце. Аб гэтым піша агенцтва Bloomberg.
Капіталізацыя Novo Nordisk скарацілася да $355 млрд. Рынкавы кошт LVMH вырас да $356 млрд.
Novo Nordisk трымалася на вяршыні з верасня 2023 года, калі кошт яе акцый значна пайшоў угору пасля запуску лекаў ад атлусцення Wegovy. Праз некалькі месяцаў яна стала другой еўрапейскай кампаніяй, якой калі-небудзь атрымоўвалася пераадолець адзнаку рынкавай капіталізацыі $500 млрд.
Пік кошту дацкай кампаніі прыпаў на чэрвень мінулага года, але з тых часоў Novo Nordisk страціла 40% капіталізацыі праз праблемы з пастаўкамі, коштамі лекаў, і росту канкурэнцыі на рынку прэпаратаў ад атлусцення і дыябету. У снежні 2024 года акцыі кампаніі за адзін дзень страцілі адразу 20% праз расчараванне вынікамі выпрабаванняў эксперыментальнага прэпарата CagriSem.
Апошняе падзенне кошту акцый Novo Nordisk выкліканае магчымай пастановай ЗША абмежаваць кошт найболей запатрабаваных лекаў, уключаючы флагманскія прэпараты дацкай кампаніі Ozempic і Wegovy.
У LVMH, наадварот, справы ідуць на папраўку пасля аднаго з найгоршых за апошняе дзесяцігоддзе крызісаў на рынку прадметаў раскошы. Глабальны попыт у лакшэры-сегменце аднаўляецца з чацвёртага квартала 2024 года, што прывяло да росту кошту акцый LVMH.