Апытанне ў Славаччыне паказала перавагу апазіцыі над партыяй Фіцо
- 20.01.2025, 17:53
«Прагрэсіўная Славаччына» можа сфармаваць кааліцыю з «Рухам за Славаччыну».
У Славаччыне апазіцыйная сіла «Прагрэсіўная Славаччына» апярэджвае ў апытаннях партыю Smer-SD прэм'ера краіны Роберта Фіцо.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», звесткі адпаведнага апытання, праведзенага Ipsos, прыводзіць Aktuality.
Паводле яго звестак, «Прагрэсіўная Славаччына» з невялікім адрывам перамагла б на выбарах з 23%, тады як Smer атрымала б 22,2%.
Партыя «Голас», якая зараз уваходзіць ва ўрадавую кааліцыю, атрымала б крыху больш за 11% галасоў выбарцаў.
За ёй ідзе ўльтраправы славацкі рух «Рэспубліка» з падтрымкай 7,7%.
Апытанне таксама паказала, што Smer і «Голас» не змаглі б сфармаваць урад з парламенцкай большасцю нават з ультраправай «Рэспублікай».
«Прагрэсіўная Славаччына» разам з іншымі апазіцыйнымі сіламі маглі б сфармаваць кааліцыю з «Рухам за Славаччыну» (6,3%), які ўзначальвае экс-прэм'ер Ігар Матавіч, з мінімальнай большасцю 76 галасоў.
Агенцтва Ipsos праводзіла апытанне з 13 да 17 студзеня 2025 года. Усяго быў апытаны 1031 рэспандэнт.