Трамп штампуе новыя ўказы: што вядома
- 21.01.2025, 9:19
Выхад з САЗ, скасаванне пастаноў Байдэна і новыя падаткі.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у першы дзень пасля сваёй інаўгурацыі падпісаў указ, які прыпыняе ўсе праграмы замежнай дапамогі ЗША на 90 дзён, пакуль не будзе праведзены аналіз іх адпаведнасці мэтам яго палітыкі.
Як піша Associated Press, пакуль незразумела, які аб'ём дапамогі будзе першапачаткова закрануты ўказам, бо сродкі на фінансаванне многіх праграм ужо выдзеленыя Кангрэсам і павінны быць выдаткаваныя.
Таксама Трамп на мітынгу пасля інаўгурацыі ў прысутнасці прыхільнікаў падпісаў указ аб скасаванні 78 выканаўчых пастаноў прэзідэнта Джо Байдэна.
Выхад з САЗ
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб выхадзе краіны з Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (САЗ).
Трамп растлумачыў свой крок «няправільным абыходжаннем САЗ з пандэміяй COVID-19» і «няздольнасцю арганізацыі да рэформ». Сярод іншых прычын ён назваў «несправядліва высокія фінансавыя ўнёскі ЗША» ў параўнанні з іншымі краінамі, уключаючы Кітай.
Падаткі 25% на тавары з Мексікі і Канады
Дональд Трамп заявіў падчас цырымоніі падпісання ў Авальным кабінеце ў панядзелак увечары, што яго адміністрацыя ўвядзе 25% падаткі на тавары з Мексікі і Канады з 1 лютага.
Гэта значная змена ў гандлёвай палітыцы Паўночнай Амерыкі, якая можа прывесці да росту коштаў для амерыканскіх спажыўцоў.
Сярод першых загадаў Дональда Трампа:
Увядзенне мараторыя на прыняцце бюракратамі новых нарматыўных актаў «да поўнага кантролю» над федэральным урадам;
Прадпісанне федэральнаму ўраду аб аднаўленні свабоды слова і скасаванні цэнзуры;
Прыпыненне найму на дзяржаўную службу за выключэннем вайскоўцаў і некаторых іншых катэгорый;
Загад да ўсіх дзяржслужбоўцаў неадкладна вярнуцца да працы ў офісах, адмовіўшыся ад выдаленага фармату;
Загад усім федэральным ведамствам заняцца ліквідацыяй праблемы росту кошту жыцця;
Забарона на выкарыстанне судовай сістэмы для пераследу палітычных апанентаў ранейшай адміністрацыі;
Ліст у ААН аб выхадзе ЗША з Парыжскага пагаднення па клімаце.