Ковід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады
- 21.01.2025, 14:07
Шакавальныя звесткі.
Паводле звестак Белстата, з 2014 года агулам за год у Беларусі памірала блізу 120 тысяч чалавек - прыблізна амаль 10 тысяч чалавек за месяц. З моманту пачатку эпідэміі COVID-19 афіцыйная статыстыка перастала з'яўляцца ў адкрытых крыніцах, піша «Наша Нiва».
«Кіберпартызанам» удалося здабыць базы звестак аб усіх памерлых грамадзянах Беларусі. Гэта дазволіла ацаніць рэальную статыстыку смяротнасці з 2018 да 2023 года.
З гэтых звестак вынікае, што за час пандэміі з 2020 да 2022 года залішняя смяротнасць склала звыш 90 тысяч чалавек. Гэтыя страты не маглі адбыцца ад нечага іншага, акрамя COVID-19.
Смяротнасць пачала ўзнімацца ў сакавіку 2020 года, калі ўлады Беларусі яшчэ цалкам адмаўлялі наяўнасць пагрозы, і расла да чэрвеня.
Пасля гэтага летняя спякота збіла хвалю інфекцыі. Аднак з восені рост аднавіўся.
Найбольшая смяротнасць у 2020 годзе назіралася ў снежні: 18 437 выпадкаў, або на 8 тысяч больш, чым звычайна бывае ў гэтым месяцы.
Абсалютна катастрафічным быў 2021 год, калі рэжым Аляксандра Лукашэнкі ўжо распляжыў народ і больш не баяўся пратэстаў. Гэта супала з момантам, калі вакцынацыя яшчэ не ахапіла ўсё насельніцтва. Самымі цяжкімі былі кастрычнік (22 162 смерцяў) і лістапад (20 063 смерцяў). Тады штомесяц памірала на 10-12 тысяч людзей больш, чым звычайна.
Толькі ў красавіку 2022 года, калі вакцынацыя ахапіла большасць насельніцтва, а людзі практычна ўсе перахварэлі, паказчыкі смяротнасці вярнуліся на «даковідны» ўзровень.
Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, за ўвесь перыяд распаўсюджвання інфекцыі (з сакавіка 2020-га да ліпеня 2022-га, навейшых звестак не публікавалася) памерлі 7 тысяч 118 пацыентаў з выяўленым COVID-19. Аднак «Кіберпартызаны» выявілі, што каранавірусная інфекцыя як прычына смерці ў дакументах пазначаная ў 22 759 выпадках, гэта значыць, больш чым утрая больш, чым у афіцыйна абвешчаным уладамі ліку ахвяраў ковіда.
Значыць, нягледзячы на ціск уладаў, шмат якія лекары на месцах сумленна фіксавалі рэальную прычыну смяротнасці, аднак адміністрацыя Лукашэнкі свядома фальсіфікавала звесткі, якія агучваліся. Адміністрацыяй тады кіраваў Ігар Сяргеенка, які цяпер узначальвае «палатку».
Афіцыйная статыстыка не ўлічвала смерцяў пацыентаў ад выкліканых каранавірусам ускладненняў розных захворванняў. У такіх выпадках у сведчаннях аб смерці COVID-19 не адзначаўся, а фіксавалася асноўная хвароба.
Разлікі «Кіберпартызан» не адрозніваюцца ад вынікаў даследавання, апублікаванага раней у навуковым часопісе The Lancet, на аснове звестак аб смяротнасці, якія ад беларускіх уладаў атрымлівала ААН. Навукоўцы вылічылі, што залішняя смяротнасць у нашай краіне з 1 студзеня 2020-га да 31 снежня 2021 года перавысіла 85 600 чалавек. На той момант залішняя смяротнасць за студзень-сакавік 2022 года была яшчэ невядомая.
Аляксандр Лукашэнка даводзіў, што ўлады выбралі правільную стратэгію ў барацьбе з каранавірусам. «Гэта яшчэ раз кажа пра тое, што пад строгім кантролем і ціскам сістэма аховы здароўя працуе», - казаў ён міністру аховы здароўя Піневічу ў 2022 годзе.
У супастаўнай па колькасці насельніцтва Чэхіі (10,5 мільёна чалавек) залішняя смяротнасць за 2020—2021 гады склала 49 100 чалавек, ці амаль удвая менш, чым у Беларусі.
У суседняй Латвіі з насельніцтвам 1 мільён 800 тысяч чалавек залішняя смяротнасць склала 12 400 чалавек. А ў Літве, дзе насельніцтва 2 мільёны 700 тысяч чалавек, гэты паказнік быў на ўзроўні 20 тысяч чалавек.
У 38-мільённай Польшчы залішняя смяротнасць дасягнула 214 000 чалавек.
Ва Украіне залішняя смяротнасць ад ковіда склала 181 000 чалавек. Да 24 лютага 2022 года ва Украіне пражывала 43,5 мільёна чалавек. Такім чынам, Украіна справілася з каранавірусам удвая лепш, чым Беларусь.
Ва ўсіх згаданых вышэй краінах: Чэхіі, Польшчы, Літве, Латвіі, Украіне, у адрозненне ад Беларусі, улады не адмаўлялі небяспекі ковіда і ўжывалі захады, накіраваныя на абмежаванне міжасобасных кантактаў у закрытых памяшканнях на перыяд, пакуль не было вакцын ад ковіда.
У пераліку на 100 тысяч насельніцтва Беларусь мае самы высокі паказчык залішняй смяротнасці ад ковіда з усіх пералічаных вышэй краін.
Калі параўноўваць з Літвой і Латвіяй, то атрымліваецца, што ў Беларусі памерла прыкладна на 35 тысяч чалавек больш, чым магло б быць, калі б ковідная палітыка была іншай. Калі параўноўваць з Чэхіяй, дык нават на 40 тысяч больш.