BE RU EN

«Гэта самая магутная атака з пачатку вайны»

  • 21.01.2025, 14:41

Расейскія СМІ ўзрушаныя маштабам атакі на Смаленск.

Уначы 21 студзеня Смаленск апынуўся пад магутнай атакай беспілотнікаў, якая стала самай маштабнай для рэгіёна з пачатку вайны. Аб гэтым піша «Агентство». Украінскія робаты нанеслі ўдары па нафтаперапрацоўчым заводзе і авіяцыйным заводзе ў Смаленску. СПА расейцаў збіла некалькі дронаў, прызямліўшы іх на шматпавярховікі, што выклікала пажары на дахах і фасадах будынкаў, у тым ліку жылых дамоў.

Першае папярэджанне аб магчымым нападзе паступіла пасля поўначы. Ужо праз гадзіну прагучалі выбухі. Асноўнай цэллю дронаў стаў нафтаперапрацоўчы завод у Ярцаве, а таксама вытворчыя карпусы Смаленскага авіязавода.

На вуліцы Аўтазаводскай загарэўся дах жылога дома, на вуліцы Барадзінскай - фасад будынка. Побач з тэлевышкай горада таксама зафіксаваны выбух. Мясцовыя жыхары скардзіліся на адсутнасць сірэн і папярэджанняў падчас атакі, што выклікала хвалю абурэння ў сацыяльных сетках.

Губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін пацвердзіў, што пажары ўзніклі ў выніку атакі, аднак запэўніў, нібыта ніхто не пацярпеў.

Расея не спраўляецца з дронамі

Рост інтэнсіўнасці нападаў ставіць пад сумнеў здольнасць Расеі абараніць сваю тэрыторыю.

Украіна працягвае ўзмацняць удары, выкарыстоўваючы слабыя месцы расейскай сістэмы СПА. Вайна, распачатая Крамлём, усё часцей «адкочваецца» ўглыб самой Расеі, разбураючы яе інфраструктуру і мірнае жыццё.

Рост пагрозы для буйных гарадоў

Атака на Смаленск стала часткай агульнай стратэгіі Украіны па нанясенні ўдараў па расейскіх аб'ектах. На мінулым тыдні УСУ запусцілі звыш 200 дронаў, што стала рэкордам за час вайны. Гэтыя атакі ахапілі 12 расейскіх рэгіёнаў, у тым ліку Краснадарскі край, Крым і Бранскую вобласць.

Інтэнсіўнасць нападаў беспілотнікаў дэманструе, што Расея губляе кантроль над сваёй бяспекай. Буйныя гарады ўсё часцей трапляюць пад пагрозу. Расейцы, якія падтрымлівалі вайсковыя авантуры Пуціна, зараз вымушаныя плаціць за іх сваім спакоем, камфортам і жыццямі.

Апошнія навіны