BE RU EN

Трамп хоча звольніць блізу 50 000 чыноўнікаў

  • 21.01.2025, 14:56

Новы прэзідэнт ЗША «абвясціў вайну» глыбіннай дзяржаве.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у аўторак, што яго каманда пачала маштабныя рэформы ў федэральных установах і што будуць звольненыя больш за тысячу службоўцаў, прызначаных адміністрацыяй яго папярэдніка Джо Байдэна.

Рэспубліканец абвясціў у сацыяльных сетках, напрыклад, аб чатырох гучных звальненнях, у тым ліку былога кіраўніка Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў войска ЗША генерала Марка Мілі з пасады дарадцы.

Са слоў дзвюх крыніц Reuters, Трамп можа звольніць прыкладна 50 000 федэральных службоўцаў і замяніць іх лаяльнымі прызначэнцамі, змагаючыся з так званай «глыбіннай дзяржавай» (deep state), пра якую ён шмат казаў падчас перадвыбарнай кампаніі.

Трамп у панядзелак таксама падпісаў указ аб стварэнні экспертнай групы, названай «міністэрствам эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання» (Department of Government Efficiency, або DOGE), на чале якой стане кіраўнік Tesla, мільярдэр Ілан Маск. Задача новага ведамства - значна знізіць выдаткі ўрада шляхам ліквідацыі цэлага шэрагу федэральных агенцтваў і скарачэння трох чвэрцяў працоўных месцаў. Аднак DOGE, нягледзячы на слова «дэпартамент» у назве, не з'яўляецца дэпартаментам і мае абмежаваныя афіцыйныя паўнамоцтвы для правядзення ўсякай рэарганізацыі ці нават прапанаваных Маскам маштабных скарачэнняў.

Прафзвязы, якія аб'ядноўваюць дзяржаўных службоўцаў, назіральныя групы і грамадскія арганізацыі ўжо падалі судовыя пазовы ў сувязі з нявызначаным прававым статусам DOGE. Напрыклад, юрыдычная фірма National Security Counselors сцвярджае, што новае ведамства парушае закон 1972, які рэгулюе дзейнасць федэральных камітэтаў. Крытыкі першых пастаноў прэзідэнта і прафзвязы, якія прадстаўляюць інтарэсы амерыканскіх дзяржслужбоўцаў, гавораць, што ніякай глыбіннай дзяржавы не існуе і што Трамп і яго хаўруснікі выкарыстоўваюць канспіралагічную тэорыю, каб апраўдаць захоп выканаўчай галіны ўлады ЗША.

Апошнія навіны