BE RU EN

Шматдзетную беларуску будуць трэці раз судзіць за «палітыку»

  • 21.01.2025, 15:48

Яе муж ужо быў палітвязнем, а маці далі «хімію».

На 27 студзеня ў Берасцейскім абласным судзе запланаваны чарговы працэс над Юліяй Лаптановіч. Гэта палітзняволеная з Пружанаў, сям'ю якой з 2020 года судзілі некалькі разоў паводле «палітычных» спраў, паведамляе «Берасцейская Вясна».

Гэта ўжо трэцяя крымінальная справа ў дачыненні да Юліі. Цяпер жанчыне паставілі ч.2 арт.361-4 КК (Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці).

Што менавіта ставяць у віну Юліі Лаптановіч на гэты раз, праваабаронцам не вядома.

Нагадаем, што сям'ю Лаптановічаў з 2020 года бесперапынна рэпрэсуюць: спачатку саму Юлію і яе мужа Ігара судзілі паводле «карагоднай справы» (за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту ў Берасці). Потым летам 2022 года Юлію прыгаварылі да чатырох гадоў і дзявяці месяцаў калоніі адразу паводле шасці артыкулаў — асноўная частка абвінавачанняў тычылася таго, што Юлія, як мяркуецца, перадала звесткі аб службовых асобах, якія ажыццяўлялі крымінальны пераслед яе сям'і.

А ў канцы 2024 года асудзілі цешчу Юліі, бабулю трох яе дзяцей - таксама паводле «палітычных» абвінавачванняў (за тое, што ў 2021 годзе дала інтэрв'ю «Белсату»).

Апошнія навіны