Зяленскі: Еўропе патрэбны ўласны «Жалезны купал»
- 21.01.2025, 20:00
Накшталт ізраільскага.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Еўропа павінна супольнымі намаганнямі стварыць уласную версію супрацьпаветранай абароны накшталт ізраільскага «Жалезнага купала». Пра гэта стала вядома падчас ягонага выступу на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, тэкст і відэа якога апублікавалі на сайце Офіса прэзідэнта 21 студзеня.
Паводле словаў прэзідэнта, цяпер унясенне інвестыцый ва ўкраінскую вытворчасць дронаў – гэта інвеставанне не толькі ў бяспеку Еўропы, але і ў здольнасць Еўропы быць гарантам бяспекі для іншых жыццёва важных рэгіёнаў.
«І нам трэба пачаць супольна ствараць сістэмы супрацьпаветранай абароны – такія, якія сапраўды могуць справіцца з усімі тыпамі крылатых і балістычных ракетаў. Еўропе патрэбны ўласны “Жалезны купал”, здольны супрацьстаяць любым пагрозам»,– падкрэсліў Зяленскі.
Як дадаў кіраўнік дзяржавы, нельга «спадзявацца на добрую волю некалькіх сталіцаў», калі размова ідзе пра бяспеку Еўропы або ЗША, – пасля таго, як Уладзімір Пуцін «сыдзе на той свет».