BE RU EN

У Еўрапарламенце заклікалі размаўляць з Лукашэнкам мовай ультыматумаў

  • 22.01.2025, 11:15

Большасць удзельнікаў дэбатаў заклікае да новых санкцый.

21 студзеня ў Еўрапейскім парламенце абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі. Дэбаты прайшлі падчас пленарнага пасяджэння ў Страсбургу, паведамляе карэспандэнт сайта Charter97.org.

Еўракамісар у пытаннях абароны Андрус Кубілюс адзначыў розніцу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларускім народам:

- Беларусы бачылі, як дыктатар становіцца суўдзельнікам у вайне, якую яны не падтрымліваюць, паступова здаючы суверэнітэт краіны, яе ідэнтычнасць і дабрабыт пад ціскам Расеі.

Еўракамісар паведаміў, што ў Брусэля ўжо прапрацаваны план падтрымкі свабоднай Беларусі пасля падзення рэжыму: ЕЗ гатовы выдзеліць у кароткія тэрміны 3 мільярды еўраў.

Тэмай дэбатаў былі заяўленыя так званыя «выбары», якія маюць адбыцца ў Беларусі. Ясна з гэтай нагоды выказаўся польскі еўрадэпутат Міхал Шчэрба:

- Ніхто ў Еўропе ніколі не прызнае «выбары», якія рэжым Лукашэнкі арганізуе ў гэтыя выходныя.

Шмат хто з выступоўцаў казаў пра санкцыі. «Еўразвяз гатовы ўводзіць новыя абмежавальныя і адрасныя захады датуль, пакуль беларускія ўлады працягваюць гэтыя дзеянні», — заўважыў міністр польскага ўрада ў справах Еўразвязу Адам Шлапка.

Кіраўніца дэлегацыі Еўрапарламента па Беларусі Малгажата Гасеўска заклікала быць больш рашучымі ў стаўленні да рэжыму:

- Нам варта размаўляць з рэжымам мовай ультыматумаў. Канец няпоўным захадам. Больш ніякіх кампрамісаў.

Санкцыі павінны быць накіраваныя на ключавыя сектары эканомікі, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі: экспарт угнаенняў, нафтапрадуктаў. Яны таксама павінны ахопліваць еўрапейскія кампаніі, якія працуюць у Беларусі. Давайце заблакуем рэжыму доступ да міжнародных фінансавых транзакцый.

Адначасова з гэтым мы павінны павесіць над Лукашэнкам і ягоным асяроддзем «дамоклаў меч» Міжнароднага крымінальнага суда. Тое, што адбываецца ў Беларусі, гэта не толькі парушэнні правоў чалавека - гэта злачынствы супраць чалавечнасці.

Марціньш Стакіс, былы мэр Рыгі, вядомы тым, што вывесіў бел-чырвона-белыя сцягі ў гарадской прасторы падчас чэмпіянату свету ў хакеі, а цяпер еўрадэпутат ад Латвіі, таксама выступіў за рашучыя дзеянні.

- Мы павінны ўдарыць рэжым па яго болевых месцах, накіраваць намаганні на тое, што крытычна важна для рэжыму - на эканоміку. Мы павінны ўвесці санкцыі супраць калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў ды іншых ключавых артыкулаў экспарту. Мы павінны закрыць усе шчыліны, якія напаўняюць лукашэнкаўскія партманэты.

Былы міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі крытыкаваў еўрапейскіх чыноўнікаў за нерашучасць у дачыненні да рэжыму:

- Асуджэнняў недастаткова. Надышоў час быць рашучымі і ўвесці сур'ёзныя санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі. ЕЗ дагэтуль імпартуе ўгнаенні і іншыя тавары. Усякі гандаль з Беларуссю фінансуе брутальную дыктатуру - гэта павінна спыніцца.

Міхаэль Галер, дэпутат ад Нямеччыны, зрабіў акцэнт на неадпаведнасці санкцый супраць Расеі і супраць Беларусі:

- Калі ласка, дадайце ў парадак дня тыя санкцыі, дзе Беларусь служыць абыходным шляхам для санкцый супраць Расеі. Ёсць пазіцыі, па якіх мы не ўвялі санкцыі супраць Беларусі, таму тавары адпраўляюцца ў Беларусь і далей перавозяцца ў Расею. Я думаю, што цывільныя грузавікі з'яўляюцца адным з такіх прыкладаў. Таму, калі ласка, паглядзіце, дзе мы можам закрыць гэты існы прабел, - сказаў Міхаэль Галер у звароце непасрэдна да прадстаўнікоў Еўракамісіі, якія знаходзяцца ў зале.

Кіраўнік Камітэта Еўрапарламента па замежных справах Дэвід Макалістэр таксама звярнуў увагу на розніцу ў санкцыях супраць двух рэжымаў:

- ЕЗ павінен прывесці санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ў дакладную адпаведнасць з санкцыямі супраць Расеі.

Аб узмацненні санкцый супраць рэжыму гаварылі таксама дэпутаты Ондржэй Коларж (Чэхія) і Мірыям Лексман (Славаччына).

Напрыканцы еўракамісар Андрус Кубілюс заклікаў калег да салідарнасці з беларусамі:

- Беларускі народ змагаецца за свабоду. Ён заслугоўвае большай салідарнасці. Іх барацьба - гэта наша барацьба за чалавечую годнасць, дэмакратыю і мір.

Апошнія навіны